Партыя БНФ прэзентавала свой новы офіс


Паводле намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, офіс арганізацыі, як і раней, будзе адкрыты для прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці.

Увечары 25 жніўня ў Менску ў офісе Партыі БНФ адкрылася выстава мастацкай суполкі «Пагоня», прысвечаная 20-годдзю надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закону. Адначасова адбылася своеасаблівая прэзентацыя новага офісу партыі.

У асноўным памяшканні, як на папярэднім месцы, першае, што кідаецца ў вочы, – падобны да барнай стойкі стол, на якім выкладзеныя незалежныя газеты, а таксама стэлажы з кнігамі і сімволікаю беларускай незалежнасці.

«Мы забралі з сабою тыя дзверы, якія знаходзіліся на Машэрава, 8, – паказвае Рыгор Кастусёў на рэліквію. – Гэта гістарычная рэч, і мы яе знялі з тым разлікам, што з цягам часу яна будзе экспанатам Музею дэмакратыі».

Палітык адзначае, што партыйцы пастараліся захаваць абстаноўку былога офісу, а таксама права для палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў карыстацца гэтым памяшканнем.

Акрамя галоўнага пакою, у офісу ёсць памяшканні старшыні партыі ды для правядзення пасяджэнняў «у закрытым рэжыме».

На пытанне, ці не маюць гэтыя сцены вушэй, Кастусёў усміхнуўся: «Думаю, улады падрыхтаваліся да нашага перасялення сюды. Але мы таксама будзем рабіць захады, каб ім не ўсё ўдавалася пачуць і ўбачыць».

Палітык расказаў, што знайсці гэтае памяшканне было вельмі цяжка, перад тым сарваліся больш за дзесяць варыянтаў. «Былі знойдзеныя офісы, рыхтаваліся ўмовы для перасялення, але ў апошні момант гаспадары, арэндадаўцы заяўлялі нам, што «ў іх змянілася сітуацыя». Адназначна, што тут праглядаецца рука ўладаў», – упэўнены ён.

«Пакуль што дамова на арэнду падпісаная на адзін год, – паведаміў намеснік старшыні партыі, – а як будуць развівацца падзеі далей, час пакажа. Тут будуць праходзіць імпрэзы, выставы, сустрэчы, мы гатовыя даваць наш офіс для ўсіх прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці Беларусі».

belsat.eu

Стужка навінаў