Залескі: Паніжальны каэфіцыент – частка піяру Пуціна


Эканамічная дапамога ці піяр перад выбарамі? Прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін даручыў Міністэрству энергетыкі ды «Газпрому» правесці перамовы з беларускімі калегамі і бліжэйшым часам вызначыць «інтэграцыйны паніжальны каэфіцыент» для паставак расейскага газу ў Беларусь.

Разважае эканаміст Міхась Залескі: «Ці будзе, ці не будзе Пуцін удзельнічаць у выбарах, мы не ведаем. Але выбары у яго наперадзе. Таму я б разглядаў гэта ўсё як акцыю, скіраваную на маніпуляванне грамадскаю думкай у Расеі».

Паводле суразмоўцы, да эканомікі гэтая заява мае ўскоснае дачыненне. «Трэба будзе глядзець, што ў нас 1 студзеня будзе на лічыльніку, якая цана будзе на газ, а будзе яна, думаю, большая, чым цяпер», – мяркуе Міхась Залескі.

«Нам харошы газ – бясплатны, дармавы. Вось гэта мара нашага начальства. Вось тады б была эканоміка, вось тады быў бы беларускі цуд, а так для нас заўсёды шмат. І за 300 шмат, і за 100 было шмат. Нам заўсёды ён быў дарагі. Таму што гэта эканоміка дэфіцыту. Мы не выйшлі з савецкай эканомікі дэфіцыту», – кажа эканаміст.

Міхась Залескі дадае, што кожнае павышэнне цаны на газ у межах 10 % прыводзіць да агульнага росту коштаў у Беларусі ў сярэднім на 1 %. Больш адчувальна падаражанне блакітнага паліва паўплывае на залежныя ад яго прадпрыемствы. Што ж датычыць расейскага бізнесу, то на яго не паўплывае ўвядзенне «інтэграцыйнага паніжальнага каэфіцыенту», мяркуе эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў