Нашчадкі ўладальнікаў Мірскага замку ацэняць яго рэстаўрацыю


На запрашэнне МЗС Беларусі князёўна Марыя Святаполк-Мірская возьме ўдзел у фестывалі памяці Мікалая Набокава.

Як адзначылі ў прэсавай службе МЗС, да ўдзелу ў фестывалі ў якасці ганаровых гасцей запрошаныя таксама княгіня Ірэна Антуанэта Станіслава, а таксама яе дачка Алівія Фуртвэнглер з мужам. Усе яны – наўпроставыя нашчадкі сям’і Святаполк-Мірскіх, якая валодала Мірскім замкам да 1939 г.

Гасцей чакаюць 26 жніўня ў новым гатэлі, які размясціўся ў Мірскім замку. Ён належыць кампаніі «Трайпл», якою кіруе набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі бізнесовец Юрый Чыж. Як паведаміла менеджар Людміла Шчаглова, гатэль карыстаецца вялікім попытам у турыстаў: «На выходных няма вольных месцаў. Асноўныя госці – расейцы, таксама нумары і рэстарацыю часта арэндуюць на вяселлі». Самы танны нумар у замку каштуе 450 тыс. руб., самы дарагі – 850 тыс. руб. Ёсць прэзідэнцкі люкс – двухузроўневыя апартаменты.

Госці прабудуць у Беларусі тры дні. За гэты час яны наведаюць фестываль памяці Мікалая Набокава, а таксама ацэняць новы гатэль і рэканструкцыю замку ў цэлым. Апроч гэтага іх чакае экскурсія ў Нясвіж. Варта адзначыць, што князёўна Марыя Святаполк-Мірская ўжо была ў сучасным Мірскім замку і асабіста перадала Беларусі частку сямейнага архіву.

На меркаванне краязнаўцаў, сёння рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры робіцца неналежным чынам. Алесь Гайдукевіч адзначае: «Адбываецца не рэстаўрацыя, а муляжны рамонт. Вялікая праблема ў тым, што перарваныя сувязі з польскімі рэстаўратарамі. І аднаўленне ў Беларусі выконваюць па сутнасці звычайныя будаўнікі, якія нават у панэльным доме сцены крывымі робяць. У выпадку з вядомымі замкамі Мірскаму пашанцавала больш, чым Нясвіжскаму. Тут не было такіх істотных адхіленняў ад праекту».

belsat.eu

Стужка навінаў