Дзмітрый Вус перадаў паведамленне для прэсы


Экс-кандыдат на прэзідэнцтва Зміцер Вус 24 жніўня сустрэўся з жонкай Яўгеніяй у папраўчай калоніі ў Магілёве.

“Расея і Еўропа — кожная па-свойму — працягваюць падтрымліваць рэжым Лукашэнкі”, — такую пазіцыю папрасіў агучыць у СМІ Дзмітрый Вус.

Першая, паводле меркавання Уса, спрабуе “за драбязу” ўзяць у Беларусі штосьці сабе, другая абмежавалася “дробнымі санкцыямі”. “У гэтым плане выразна паказалі сябе толькі ЗША, якія з самага пачатку далі зразумець, што санкцыі будуць, і не адхіляліся ад дадзенага курсу”, — прывяла словы экс-кандыдата яго жонка.

Еўропа, мяркуе Вус, напрамую крэдыты не дае, але закупляе беларускую прадукцыю, што дазваляе Аляксандру Лукашэнку падтрымліваць цяперашні рэжым. Паводле меркавання палітыка, пасадзіўшы кандыдатаў у прэзідэнты ў турму, рэжым ашукаў Еўропу, якая прапанавала яму вялікія грошы за дэмакратызацыю краіны. “Палітыка кіраўніцтва краіны заснавана на пачарговым падмане Расеі і Еўропы, — лічыць Ус. — Ашуканы і беларускі народ, які абрабавалі 100-працэнтнай дэвальвацыяй рубля”.

Акрамя таго, заявіў Ус, кантрактная сістэма для работнікаў бюджэтнай сферы не пакідае ім права выбару. Напрыклад, у перадвыбарнай кампаніі палітыка ўдзельнічаў завуч адной з менскіх школ, і кантракт з ім не працягнулі.

“Лісты прыходзяць дрэнна — цэнзар у адпачынку. Начальнік калоніі запэўніў мяне, што, у прынцыпе, затрымка невялікая, проста калі ён быў у СІЗА, лісты, якія прыходзілі ў Магілёў, збіралі, а потым сказалі пераправіць у СІЗА. Іх адправілі, цяпер яны вяртаюцца, таму нібы з-за гэтага затрымка”, — сказала Яўгенія Ус. Яна паведаміла, што ліст, які адправілі тыдзень таму, Дзмітрый атрымаў 24 жніўня, літаральна адразу пасля таго, як яна схадзіла да начальніка

Дзмітрый Вус прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску 19 снежня 2010 года. 26 мая суд Ленінскага раёна сталіцы прыгаварыў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 19 ліпеня Менскі гарадскі суд пакінуў прыгавор раённага суда без змяненняў.

belsat.eu

Стужка навінаў