У недахопе мяса вінаватыя расейцы


Заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі.

“Нашым сельскагаспадарчым прадпрыемствам выгадна працаваць і гандляваць з Расейскай Федэрацыяй, бо цэны там значна вышэйшыя”, – адзначыў ён. “Асабліва пакутуюць прадпрыемствы мяса-малочнай галіны Гомельскай вобласці, бо калі раней была мытня ў Смаленску, мы маглі паставіць ветсаннагляд, то зараз мы нават міліцыю не можам паставіць, бо ёсць дакументы Мытнага саюзу, якія гэтага не дазваляюць”, – растлумачыў Паўлоўскі.

“Прыязджае расеец, мяняе грошы на беларускія, ідзе ў краму і затаварваецца. Мы наведалі ў невялікіх памежных гарадах Расеі рынкі, там 70 % аўтамабіляў, з якіх гандлююць, – гэта беларускае мяса і малако”, – сказаў намеснік міністра.

Уводзіць абмежаванні на продаж мясной і малочнай прадукцыі Міністэрства сельскай гаспадаркі не плануе. “Мы працуем з гандлем, каб не адпускалі вялікімі партыямі”, – адзначыў чыноўнік.

У той жа час, паводле Паўлоўскага, з боку беларускіх спажыўцоў знізіўся попыт на мясныя вырабы, у прыватнасці, на каўбасы. У крамах кажуць, што яны баяцца шмат завозіць, бо каўбаса мае пэўны тэрмін прыдатнасці, дадаў ён.

“У цэлым тыя запыты, якія накіроўвае гандаль прадпрыемствам, мы забяспечваем. Не хвалюйцеся, усё ў нас нармальна”, – падсумаваў Паўлоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў