45-ы дзень пратэстаў: беларусы могуць ехаць у Польшчу і ляцець у Расею, у Менску з гаўбцоў здымаюць «несцягі»


Belsat.eu падводзіць вынікі 45-га паслявыбарчага дня ў Беларусі.

Ад сёння беларусы могуць ехаць у Польшчу, а таксама ляцець у Расею

Польшча пакрысе аслабляе парадак уезду беларусаў. Калі раней у суседнюю краіну маглі ўязджаць толькі пэўныя катэгорыі грамадзянаў (з картай паляка або картай побыту), то цяпер можа кожны з якімкольвек тыпам візы, але пры адной умове – трэба прайсці 10-дзённы каранцін. Інфармацыя пра гэта змяшчаецца ў дакуменце, які апублікаваў МУС Польшчы.

Таксама Расея аднавіла авіязносіны з Беларуссю. Пакуль палёты будуць выконвацца адзін раз на тыдзень. Уезд адкрыты для грамадзянаў Беларусі і асобаў, якія маюць права на пастаяннае пражыванне ў нашай краіне. Вам трэба мець даведку аб праходжанні тэста на COVID-19, а таксама «самадэкларацыю пасажыра аб стане здароўя». Надалей нельга будзе ўязджаць аўтам і цягніком. Белавія паляціць у Маскву ўжо 30 верасня.

Каралеўскі замак у Варшаве падсвяцілі ў колеры нацыянальнага беларускага сцяга. Варшава, 12 верасня.
Фота: Юлія Шаблоўская / Belsat.eu

МУС абвяргае актуальнасць звестак са спісу сілавікоў NEXTA

Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава заявіла ў эфіры «Россия-24», што канал NEXTA апублікаваў інфармацыю пра міліцыянтаў 4-гадовай даўніны. Паводле яе, база, у якой сабраныя асабістыя дадзеныя тысячы праваахоўнікаў, не аказала негатыўнага ўплыву на асабісты склад.

Таксама яна назвала фэйкам інфармацыю, што шматлікія праваахоўнікі звярнуліся па дапамогу і абарону ў розныя фонды.

Hавiны
«Быў нават падпалкоўнік». Больш за 1000 сілавікоў звярнуліся па дапамогу валанцёраў
2020.09.22 18:30

Спартоўцы адказалі на пагрозы чыноўнікам

Міністэрства спорту забараняе беларускім атлетам выкарыстоўваць недзяржаўную сімволіку ды абавязвае вывучыць афіцыйны гімн. Гэткія патрабаванні будуць прапісвацца ў кантрактах.

Зоркі беларускага спорту запісалі відэазварот, у якім заклікалі спыніць на іх ціск.

«Вы приходите к честным спортсменам и угрожаете им. Давите, запугиваете, заставляете забирать свои подписи и отказываться от своих слов. При этом сами трясетесь, боясь потерять свое тепленькое кресло. Мы-то это видим».

Сябра стачкаму «Беларуськалія» Анатоль Бокун атрымаў 25 содняў адміністрацыйнага арышту

Лідара страйкама «Беларуськалія» Анатоля Бокуна асудзілі сёння на 25 дзён арышту. Літаральна некалькі дзён таму ён выйшаў з-за кратаў пасля 15 содняў зняволення. Анатоля Бокуна абвінавацілі адразу па двух артыкулах: арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне) і арт. 23.34 (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).

Мужчыну затрымалі 21 верасня, падчас акцыі падтрымання Алега Кудзелкі, шахцёра, які на знак пратэсту адмовіўся выходзіць на паверхню пасля змены.

Плён выбарчай кампаніі ў Беларусі – больш за 250 крымінальных справаў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі і паслявыбарчых акцыяў пратэсту. 68 асобаў праваабаронцы ўжо прызналі палітвязнямі.

Суд пакінуў пад вартай каардынатарку «Вясны» Марфу Рабкову

Сёння разглядалася ейная скарга. Судовае пасяджэнне па скарзе праходзіла ў закрытым рэжыме.

Суддзя Міхаіл Хома адмовіў у задавальненні скаргі, мера стрымання пакінутая ранейшай – утрыманне пад вартай.

Hавiны
Праваабаронцы падлічылі колькасць крымінальных справаў з пачатку прэзідэнцкай кампаніі
2020.09.22 20:26

У Беларусі забаранілі вывешваць прасціну?

Кавалак тканіны з надпісам «Гэта не сцяг» камунальнікі знялі з пад’ёмнікам з гаўбца ў Менску. Мужчына з цыгарэтаў у зубах зрываў з агароджы прасціну. Пазней, паводле відавочцаў, яе кінулі на падлогу ў спецмашыне.

Новыя затрыманні

Сёння быў затрыманы сын палітзняволенай і даверанай асобы Святланы Ціханоўскай Таццяны Канеўскай.

Аляксандра Канеўскага затрымалі нібыта за нанясенне шкоды супрацоўніку міліцыі. Затрымлівалі яго людзі ў масках.

Увечары ў доме Канеўскіх прайшоў ператрус. Забралі ўсю тэхніку, прычым, ужо ў другі раз.

Таксама сёння на марш на знак салідарнасці з затрыманымі выйшлі студэнты БДУІР. Вядома пра затрыманне як мінімум аднаго хлопца.

Hавiны
Мастачка Надзя Саяпіна выйшла на волю пасля 15 содняў арышту
2020.09.22 21:14

Новая версія забойства Паўла Шарамета

Сцвярджаецца, што нейкі Максім Зотаў прызнаўся ў забойстве. Зотаў звязаны з алігархам-уцекачом, былым міністрам ва ўрадзе Віктара Януковіча Аляксандрам Кліменкам, які валодаў радыё «Весці», дзе працаваў Шарамет, і які нібыта прасіў Шарамета дапамагчы яму вярнуцца ва Украіну.

Саміт ЕЗ, дзе чакаўся разгляд пытанні Беларусі, адкладзены з 24 і 25 верасня на 1 і 2 кастрычніка

Старшыня Еўрапейскай Рады пайшоў на каранцін – у ягонага ахоўніка выявілі COVID-19.

Затое сёння старшыня МЗС Еўразвязу агучыў асноўныя крокі ЕЗ наконт Беларусі. Сярод галоўных – санкцыі супраць чыноўнікаў і падтрыманне грамадзянскай супольнасці.

Hавiны
Старшыня МЗС Еўразвязу агучыў асноўныя крокі ЕЗ наконт Беларусі
2020.09.22 20:04

Ігумення Гаўрыіла выбачылася перад тымі, каго закрануў ейны выступ на жаночым форуме «За Беларусь»

Ігумення гарадзенскага манастыра патлумачыла свае эмацыйныя выказванні перажываннямі за лёс Радзімы і заклікала ўсіх імкнуцца да міру, згоды і любові. Нагадаем, што на форуме яна са сцэны назвала пратэстоўцаў «вар’ятамі, за якіх хочацца маліцца» і «раз’юшаным статкам, які крычыць на ўвесь горад дʼябальскія выкрыкі».

Hавiны
Канфлікт у Гарадзенскай епархіі: ігумення Гаўрыіла супраць епіскапа Арцемія
2020.09.21 19:07

Каля 12 журналістаў звольніліся з газеты «СБ. Беларусь сегодня»

Сярод тых, хто сышоў – вядомая пісьменніца Людміла Рублеўская. У «Саўбелцы» Рублеўская была літаратурным аглядальнікам з 2003 года. Цяпер яна будзе працаваць у газеце «Звязда».

Людзі звальняліся з выдання ціха, без пастоў у сацсетках, таму што іх папярэдзілі: напішаце што-небудзь – за вамі прыйдуць, паведамляла «Еўрарадыё».

Hавiны
Журналісты масава сыходзяць з «СБ. Беларусь сегодня»
2020.09.22 19:07

Лукашэнка абмяркоўваў з Пуціным лёс Віктара Бабарыкі

Такую заяву зрабіў галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў у эфіры перадачы «Будзем назіраць».

Ён сцвярджае, што Лукашэнка абмяркоўваў пытанне Бабарыкі з Пуціным на перамовах у Сочы.

«Я думаю, што лёс Бабарыкі і лёс ягоных таварышаў стаяў асобным пунктам у перамовах Пуціна і Лукашэнкі. Гэта значыць я не думаю, я ведаю. Я не ведаю вынік. Але мы яго ўбачым».

Сёння стала вядома, што сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак пяты дзень трымае галадоўку ў СІЗА на знак пратэсту ягонага зняволення.

Hавiны
Лукашэнка абмяркоўваў з Пуціным лёс Віктара Бабарыкі
2020.09.22 17:26

Ганна Красуліна распавяла, чым шантажавалі Святлану Ціханоўскую

Прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна ў інтэрв’ю каналу «И Грянул Грэм» распавяла пра пагрозы экс-кандыдатцы на пасаду прэзідэнта ў кабінеце Лідзіі Ярмошынай.

«Цалкам відавочна, што яна з’ехала не сама. Што яна была пастаўлена перад вельмі жорсткім выбарам. І гэты выбар, ведаеце, уключаў: або ейны дзеці будуць расці сіротамі, або яна пакіне краіну», – сказала Красуліна.

10 жніўня Святлана Ціханоўская пайшла ў ЦВК абскардзіць вынікі выбараў, дзе ў выніку прабыла не адну гадзіну. Пасля сувязь з ёй знікла, на наступную раніцу стала вядома, што Ціханоўскую ў Літву вывезлі спецслужбы Лукашэнкі.

belsat.eu

Стужка навінаў