Кітайцам прапаноўваюць беларускія аэрадромы


Урад хоча, каб інвестары пабудавалі на іх лагістычныя аб’екты.

Кітайская карпарацыя «AVIC International» гатовая інвеставаць у транспартную сістэму Беларусі. Умовы партнёрства абмяркоўваліся на нядаўняй сустрэчы беларускага міністра транспарту і камунікацыяў Івана Шчэрбы з прадстаўнікамі кітайскай карпарацыі. Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Беларусь прапанавала кітайцам далучыцца да стварэння транспартна-лагістычных цэнтраў, для якіх вызначылі каля 50 пляцовак. Акрамя таго, даецца магчымасць будаваць лагістычныя аб’екты на базе існых аэрадромаў, а таксама іншых участкаў тэрыторыі на шляху транспартавання грузаў з Кітаю ў Заходнюю Еўропу і краіны Балтыі.

Іван Шчэрба прапанаваў карпарацыі паўдзельнічаць і ў будаўніцтве дарог першай катэгорыі, якія злучаць Менск з абласнымі цэнтрамі. Паводле яго, будаўнічыя працы ўжо распачаліся. Як паведамляе БелТА, кітайцы зацікавіліся прапанаванымі праектамі і дамовіліся з беларусамі працягнуць дыялог на ўзроўні спецыялістаў адпаведных структурных падраздзяленняў міністэрстваў транспарту.

«АVIC International» мае філіялы і прадстаўніцтвы ў 58 краінах. Асноўны кірунак дзейнасці – авіяцыйная прамысловасць, аднак ажыццяўляюцца і праекты ў іншых сферах. У прыватнасці, карпарацыя займаецца будаўніцтвам чыгуначных шляхоў у Афрыцы. «АVIC International» уваходзіць у Дзяржаўную авіябудаўнічую карпарацыю Кітаю і карыстаецца падтрыманнем ўраду і банкаў.

belsat.eu

Стужка навінаў