Скандальную скульптуру ўсё ж такі ўсталююць


Барыс Батура не паслухаў ветэранаў. Скульптура «Папараць-кветка» будзе сустракаць гасцей рэспубліканскіх «Дажынак» у Маладзечне.

Работа Уладзіміра Жбанава, якую ён рыхтаваў адмыслова для свята, выклікала шмат негатыўных водгукаў у мясцовых жыхароў. Яны знайшлі ў ёй «яскравыя элементы эратычнага характару».

Актывісты Саюзу ветэранаў нават збіралі подпісы, каб улады адмовіліся ад такога аб’екту ў цэнтры гораду. «У нас шмат ідэалагічных пытанняў да гэтай скульптуры, – заявіў ініцыятар кампаніі супраць твору Жбанава пенсіянер Алег Ахрамовіч. – Гэтае мастацтва можа выклікаць непажаданыя наступствы, асабліва ў моладзі. Маладая дзяўчына заляцаецца да хлопца, цягне яго за сабою, пры гэтым яны абсалютна голыя. Куды цягне? Навошта? Тэма вельмі інтымная, а яе выстаўляюць на агляд. Таму мы супраць таго, каб такая скульптура стаяла ў цэнтры гарадской плошчы, дзе заўсёды збіраецца шмат людзей: пенсіянераў, моладзі, бацькоў з малымі дзецьмі».

Аднак сабраныя подпісы ніякага плёну не далі. Мясцовыя ўлады сустрэліся з «абаронцамі нораваў і маральнасці», выслухалі іхнае меркаванне, але прынялі рашэнне – скульптуру ўсталяваць.

Старшыня аддзелу культуры Анатоль Акушэвіч кажа: «Я наогул не разумею, чаму вакол гэтай прыгожай закаханай пары паднялася такая шуміха. Дзякуючы «Дажынкам» наш горад кардынальна зменіцца, з’явіцца шмат месцаў для адпачынку моладзі. Скульптура-фантан будзе адною з галоўных славутасцяў Маладзечна. Напрыклад, бываючы ў Луўры, усе імкнуцца ўбачыць Венеру Мілоскую. І ніхто ж не просіць яе прыбраць».

Аўтар твора Уладзімір Жбанаў здзіўлены з рэакцыі мясцовых жыхароў і кажа, што дагэтуль ніколі супраць ягонай дзейнасці не збіраліся подпісы. «За паўгода мая скульптура прайшла некалькі саветаў, якія зацвярджалі эскізы, працоўную мадэль. З самага пачатку я чуў толькі станоўчыя водгукі. Што дрэннага ў прыгажосці? Нам жа веравызнанне не забараняе ўсхваляць прыгажосць і чысціню цела! Дзяўчына проста трымае за руку юнака, нікуды яна яго не цягне, як кажуць панікёры, яна ідзе з ім кідаць вянкі ў ваду ў Купальскую ноч».

Што праўда, «Папараць-кветку» ўсталююць ў Маладзечне значна пазней за Купальскае свята. Але скульптуры ў горадзе быць – у абарону выступіў кіраўнік вобласці і галоўны каардынатар сёлетніх «Дажынак» Барыс Батура.

belsat.eu

Стужка навінаў