Затрыманні ў цэнтры Менску (абноўлена)


Усіх затрыманых на акцыі салідарнасці з Алесем Бяляцкім выпусцілі з міліцыі пасля таго, як былі складзеныя пратаколы, фотаграфавання і зняцця адбіткаў пальцаў.

На Кастрычніцкай плошчы затрымалі шэсць праваабаронцаў, якія праводзілі акцыю салідарнасці з арыштаваным Алесем Бяляцкім.

Як паведаміў праваабаронца Уладзімір Лабковіч, шэсць актывістаў прыйшлі на плошчу прыкладна а 14-й гадзіне. “Яны раздавалі ўлёткі падтрымання Бяляцкага. Раздаванне працягвалася прыкладна 10 хвілінаў, пасля чаго ўсіх затрымалі працаўнікі ДАІ ды міліцыі. Затрыманых даставілі ва УУС Цэнтральнага раёну Менску”, – расказаў Лабковіч.

Паводле яго, затрымалі Алега Мацкевіча, Вікторыю Равінскую, Дзмітрыя Салаўёва, Марыну Статкевіч, Алену Лапцёнак і Алеся Абрамовіча. Што ім інкрымінуюць, пакуль невядома.

Нагадаем, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага затрымалі ў Менску ўвечары 4 жніўня. Ён абвінавачваецца ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Бяляцкаму пагражае сем гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы ды міжнародная дэмакратычная супольнасць перакананыя, што Бяляцкі зведвае крымінальны пераслед за сваю шматгадовую праваабарончую дзейнасць.

belsat.eu

Стужка навінаў