Сына Алеся Бяляцкага вінавацяць у дробным хуліганстве


Сын праваабаронцы Алеся Бяляцкага Адам, затрыманы ўвечары 22 жніўня ў Менску падчас акцыі «Стоп бензін», абвінавачваецца ў дробным хуліганстве.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, падчас акцыі аўтамабіль, якім кіраваў Адам Бяляцкі, спыніўся на скрыжаванні праспектаў Незалежнасці і Машэрава непадалёк плошчы Перамогі. Кіроўца ўключыў аварыйны сігнал і быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ. Аўтамабіль пагрузілі на эвакуатар, а Адаму Бяляцкаму надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну ДАІ з бартавым нумарам 649 і павезлі ў невядомым кірунку. Пазней высветлілася, што яго даставілі ва УУС Цэнтральнага раёну Менску.

Паводле папярэдняй інфармацыі, у дачыненні Бяляцкага склалі пратакол на падставе арт. 17.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях («Дробнае хуліганства»). Пачатак пасяджэння ў судзе Цэнтральнага раёну прызначаны на 10:00 23 жніўня.

Адам Бяляцкі – сын віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, які быў затрыманы ў Менску вечарам 4 жніўня. 5 жніўня ў дачыненні яго абралі меру стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту. 12 жніўня праваабаронцу выставілі абвінавачанне паводле арт. 243, ч. 2 Крымінальнага Кодэксу («Утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры») і падоўжылі тэрмін утрымання пад вартаю на два месяцы.

belsat.eu

Стужка навінаў