Наста Палажанка: Магчыма, жыццё і здароўе Дашкевіча ў небяспецы


Адпаведную заяву 22 жніўня Наста Палажанка, нявеста Змітра Дашкевіча, падала на імя Генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча. Яна заклікала “спыніць тую беззаконнасць, што чыніцца ў калоніі № 9 у Горках, у якой трымаюць лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча”.
“Вось ужо больш за месяц ад яго не было лістоў, да Дашкевіча не пускаюць адваката. Адміністрацыя калоніі тройчы без тлумачэння прычынаў адмаўляла адвакату ў сустрэчы з Дашкевічам. У нас няма ніякай інфармацыі пра яго. Тое, што адміністрацыя калоніі хавае інфармацыю пра Дашкевіча, дае падставы меркаваць, што ягонаму жыццю і здароўю пагражае небяспека”, – напісала Палажанка. Яна мяркуе, што ў дачыненні Дашкевіча чыніцца злачынства.
“У арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гаворыцца, што процідзеянне аказанню прававой дапамогі забараняецца. Грубае парушэнне канстытуцыйных правоў і свабодаў (у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогаю адваката, замацаванае ў арт. 62 Канстытуцыі) цягне крымінальную адказнасць, прадугледжаную арт. 190 КК. Таму я прашу вас як Генеральнага пракурора, як гаранта абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў, аб правядзенні праверкі паводле арт. 174 КПК і прыцягненні да крымінальнай адказнасці асобаў, вінаватых у парушэнні правоў і свабодаў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Дашкевіча Дзмітрыя Вячаслававіча”, – заклікала Палажанка.
Яна адзначыла, што чарговым разам адвакат паспрабуе трапіць да Дашкевіча 23 ці 24 жніўня. “Мы зрабілі для гэтага ўсё магчымае: напярэдадні накіравалі тры тэлеграмы аб візіце адваката ў пракуратуру Магілёўскай вобласці, у кіраўніцтва дэпартаменту выканання пакаранняў і ў адміністрацыю калоніі. Мы гэта зрабілі таму, што абаронцам Дашкевіча было пяць разоў адмоўлена ў праве наведаць падабароннага”, – заявіла Палажанка.
Лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч разам з актывістам арганізацыі Эдуардам Лобавым былі затрыманыя ў Менску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 г. Іх абвінавацілі ў збіванні двух менчукоў. Гэты арышт прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы ўспрынялі як прэвентыўную захаду міліцыі напярэдадні выбараў і акцыі апазіцыі. 24 сакавіка суд прыгаварыў Дашкевіча да 2 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
belsat.eu
Стужка навінаў