Сяргей Чалы: 8 тысячаў за долар – гэта не мяжа


Адначасова гэта не азначае няўхільнасці далейшага росту долара. Эксперт мяркуе, што сёння галоўны фактар падаражання валюты хутчэй не эканамічны, а псіхалагічны.

Заява Нацбанку наконт прыняцця рашэння пра адзіны валютны курс у 20-х датах жніўня вызвала гвалтоўны рост долара. У інтэрнэт-абменніку prokopovi.ch кошт долара ўжо перавысіў 8 тыс. руб.

«Ад гэтай заявы людзі звыкла чакаюць нейкай чарговай дэвальвацыі. А гандляры валютай у чаканні скачка цэнаў прытрымліваюць валюту. Такім чынам, жаданне купіць валюту вышэйшае за жаданне яе прадаць, што і выклікала такі рост коштаў», – кажа эканаміст Сяргей Чалы.

Міжтым сёння цяжка купіць не толькі валюту, але і харчы ці прадукты першай неабходнасці. Кошт кілаграму свініны ў Менску сягае амаль 70 тыс. руб. Але ж трэба яшчэ знайсці тавар на паўпустых паліцах.

Паводле эканаміста, дэфіцыт і рост коштаў на мяса ёсць наўпроставым вынікам дэвальвацыі ды сяброўства Беларусі ў Мытным саюзе: «Як толькі ён запрацаваў, то не стала паўнавартаснага кантролю на вываз тавару ў Расею. У выніку стала выгадна вывазіць не канцавы прадукт. Груба кажучы, стала выгадна купляць у мясакамбінатаў неразробленыя тушы і вывозіць іх у Расею. Такім чынам, не стае сыравіны для перапрацоўнікаў мяса: яго няма ў разробленым выглядзе, яго няма і ў выглядзе каўбасаў».

Эксперт бачыць адзінае выйсце з такой сітуацыі – павышэнне закупачных коштаў на мяса да такой ступені, каб зрабіць нявыгадным вываз у Расею. А на гэты крок не гатовы пайсці не толькі ўрад, але і самі перапрацоўнікі мяса. Дзяржава традыцыйна спрабуе справіцца з праблемай адміністратыўнымі метадамі, і ў выніку мы назіраем у крамах толькі мінімальны асартымент тавараў. «Гэта ж відавочна, – кажа Чалы, – калі тавар можна дзесьці прадаць даражэй, то па нізкіх коштах ён прадавацца не будзе».

belsat.eu

Стужка навінаў