Пасажыры просяць падняць кошты на праезд


Паведамляе прэсавая служба беларускай чыгункі.

Такія звесткі былі атрыманыя ў выніку апытання пасажыраў хуткаснай электрычкі Менск – Заслаўе. Швейцарскі цягнік пачаў курсіраваць летам у тэставым рэжыме. У хуткім часе мае цалкам стартаваць праграма «Гарадскія лініі», якія злучаць сталіцу з прымежнымі гарадамі.

Разам з пасажырамі ў цягніку ездзяць супрацоўнікі аддзелу сэрвіснага абслугоўвання УП «Беларуская чыгунка». Яны праводзяць анкетаванне, каб выявіць, што трэба зрабіць, каб забяспечыць камфортны праезд. Старшыня аддзелу Андрэй Кашко кажа, што пасажыры вельмі высока ацэньваюць новы цягнік. «Мы зусім не маем нараканняў ад пасажыраў. Людзі вельмі ўражаныя і хуткасцю цягніка, і ўнутраным змесцівам: зручныя крэслы, кандыцыянер, мінімальны шум пры руху. Некаторыя нават кажуць, што гатовыя плаціць больш за такі праезд», – паведаміў ён. Імаверна, менавіта на гэтай інфармацыі будзе грунтавацца павышэнне кошту за праезд. Вядома, што ўжо цяпер кампанія набыла яшчэ два цягнікі швейцарскай фірмы «Stadler». Варта адзначыць, што кошт аднаго такога электрацягніка складае прыкладна 6 млн еўраў. І чыгуначная кампанія зацікаўленая як мага хутчэй акупіць выдаткі. Што праўда, старшыня аддзелу пасажырскіх перавозак Сяргей Беластоцкі абяцаў, што ўнутраныя перавозкі пасажыраў даражэць не будуць.

Цяпер кошт на электрычку Менск – Заслаўе складае 2 тыс. руб. Час руху ў яе такі самы, як у маршруткі, але апошняя каштуе 6 тыс. руб.

belsat.eu

Стужка навінаў