Апазіцыянераў у камісіях – менш за 1 %


У склад участковых камісіяў па выбарах прэзідэнта Беларусі ўключылі 183 прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партыяў. Гэта менш за адзін адсотак ад агульнай колькасці чальцоў камісіяў.

Ва ўчастковыя камісіі ўключылі 54 прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі (вылучаліся 505), 78 – ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” (283), 36 – ад Партыі БНФ (201), 10 – ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (48), 5 – ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (29) і ніводнага ад Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ (7).

Каментуючы ўключэнне ў склад участковых камісіяў прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў, Лазавік зазначыў, што пры фармаванні камісіяў “у аснову ставілася не партыйная прыналежнасць, а дзелавыя якасці чалавека”.

Аднак адзін з каардынатараў кампаніі “За справядлівыя выбары”, лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, мяркуе, што гэта не так. “Як правіла, у камісіі ўключаюць апазіцыйных прадстаўнікоў, якія не маюць вялікага досведу ўдзелу ў выбарчых кампаніях. І наадварот, людзей з вялікім досведам, юрыдычнай адукацыяй не ўключаюць”, – сказаў палітык у інтэрв’ю БелаПАН. На ягоную думку, гэта сведчыць пра тое, што ўлады не зацікаўленыя ў правядзенні празрыстых і свабодных выбараў.

belsat.eu

Стужка навінаў