Юрый Лінга: Пра свае словы не шкадую і гатовы паўтарыць іх яшчэ раз


Пасля таго, як ён распавёў аб катаваннях вязняў у Глыбоцкай калоніі, мясцовая міліцыя аштрафавала Юрыя на 35 000 рублёў “за распіванне алкагольных напояў у грамадскім месцы”.

Дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы “Платформа” Андрэй Бандарэнка ўпэўнены, што Юрыя Лінгу пераследуюць за тое, што ён агучыў факты збівання зняволеных у калоніі: “Тое, што цяпер адбываецца з Юрыем, – гэта непрыхаваны шантаж. Намеснік кіраўніка Смаргонскага РУУС Клімянкоў заявіў яму, што, маўляў, будзеш распавядаць пра катаванні ў турме, сам там седзячы, бо мы “павесім” на цябе ўсе крадзяжы ў раёне”.

Андрэй Бандарэнка звяртае ўвагу на шматлікія парушэнні падчас затрымання Юрыя Лінгі, якое адбылося 15 жніўня. Спадара Лінгу, абвінавачанага ў распіванні алкаголю, не адвезлі на медычны агляд, збілі гэтак, што давялося выклікаць “хуткую”, адмовіліся даць адваката. Дый сённяшняе судовае паседжанне адбывалася ў кабінеце намесніка начальніка Смаргонскага раённага ўпраўлення ўнутраных справаў, а сведкамі на ім выступалі працаўнікі міліцыі.

Алена Красоўская-Каспяровіч, прадстаўніца “Платформы”, распавядае, што дарогаю ў суд іх чатыры разы беспадстаўна спынялі працаўнікі ДАІ. “Рабілі ўсё, каб мы спазніліся на працэс. Само паседжанне нагадвала цырк. Міліцыянты, што выступалі сведкамі, чыталі з паперкі, а атрымаўшы нечаканае пытанне, губляліся і глядзелі на свайго начальніка”.

Пакаранне штрафам Юрый Лінга збіраецца абскарджваць у судзе Смаргонскага раёну, паведаміў Андрэй Бандарэнка. Ён таксама сказаў, што калі неўзабаве пракуратура не распачне праверку фактаў, што агучыў Юрый Лінга, “Платформа” зладзіць яшчэ адну прэс-канферэнцыю з удзелам пацярпелых з Глыбоцкай калоніі, а таксама іхных сваякоў. “Да таго ж нам сталі вядомыя факты катаванняў у Івацэвіцкай калоніі, і вельмі хутка мы іх таксама агучым”, – дадаў Андрэй Бандарэнка.

Калі будзе неабходна, Юрый Лінга гатовы паўтарыць свае сведчанні аб катаваннях вязняў. Паводле яго, міліцыя намагаецца “начапіць” на яго як мага больш правапарушэнняў, каб выставіць у негатыўным святле. “Такая сітуацыя мяне напалохала, і я буду думаць пра тое, каб некуды з’ехаць адсюль, бо жыцця мне не дадуць”, – кажа Юрый.

Нагадаем, 1 жніўня ў Менску прайшла прэс-канферэнцыя, арганізаваная інфармацыйна-асветніцкаю ўстановаю “Платформа”. Адзін з яе ўдзельнікаў, жыхар Смаргоні Юрый Лінга, які нядаўна вызваліўся з Глыбоцкай калоніі, распавёў пра катаванні вязняў калоніі.

У Міністэрстве ўнутраных справаў гэтай інфармацыі не пацвердзілі. А пасля вяртання ў Смаргонь у Юрыя Лінга пачаліся праблемы з міліцыяй.

belsat.eu

Стужка навінаў