«Ядравы адказ» на санкцыі


Беларусь замарожвае праекты абмену высокаўзбагачанага ядравага паліва з ЗША ў адказ на ўвядзенне эканамічных санкцыяў. «Беларускі бок лічыць рашэнне ўраду ЗША аб увядзенні эканамічных абмежавальных захадаў у дачыненні Рэспублікі Беларусь неабгрунтаваным і неправамерным крокам», – гаворыцца ў каментары прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных.

«Гэта палітычна матываваныя рашэнні, якія супярэчаць міжнародным абавязацельствам ЗША. Дзеянні ЗША ёсць найгрубейшым парушэннем Будапешцкага мемарандуму 1994 года, згодна з якім Злучаныя Штаты абавязаліся не прымяняць у дачыненні Рэспублікі Беларусь захадаў эканамічнага прымусу. ЗША парушылі і палажэнні Хельсінкскага заключнага акту, які ўскладае на ўсе дзяржавы абавязацельства «пры ўсіх акалічнасцях устрымлівацца ад любога акту эканамічнага прымусу, скіраванага на падпарадкаванне сваім уласным інтарэсам ажыццяўлення іншай дзяржавай-удзельніцай правоў, уласцівых яе суверэнітэту», – адзначае прэс-сакратар.

«Увядзенне новых амерыканскіх эканамічных санкцыяў ідзе насуперак духу ўзаемадзеяння і супрацы. У гэтых умовах беларускі бок прыняў рашэнне замарозіць распрацаваныя супольна з ЗША праекты абмену высокаўзбагачанага ядравага паліва ў межах ініцыятывы зніжэння глабальнай пагрозы Міністэрства энергетыкі ЗША, а таксама праект стварэння праграмы МБА пры Беларускім дзяржаўным універсітэце», – інфармуе прэс-сакратар МЗС.

Пры гэтым, падкрэслівае Савіных, «Беларусь па-ранейшаму будзе арганізоўваць фізічную бяспеку ядравага паліва ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі ў галіне нераспаўсюду».

«Мы таксама не выключаем прыняцця іншых захадаў у адказ. Спыненне Злучанымі Штатамі прымянення захадаў эканамічнага прымусу ў дачыненні Беларусі і аднаўленне нармальнага клімату ва ўзаемаадносінах дадуць магчымасць аднавіць супрацу ў гэтых праектах», – адзначаецца ў каментары.

1 снежня 2010 г. на саміце АДКБ у Астане дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан і кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў выступілі з супольнаю заяваю, у якой пацвердзілі прыхільнасць сваіх краінаў ядравай бяспецы і ядраваму нераспаўсюду. Мартынаў абвесціў, што Беларусь прыняла рашэнне ліквідаваць усе свае запасы высокаўзбагачанага ўрану і мае намер ажыццявіць гэта да наступнага саміту ў пытанні ядравай бяспекі ў 2012 г.

«Прыняўшы гэтае рашэнне, Беларусь далучаецца да Злучаных Штатаў у міжнародных намаганнях для пераводу ядравых установак на выкарыстанне нізкаўзбагачанага ўранавага паліва, што ў XXI стагоддзі робіцца сусветным стандартам, – адзначалася ў супольнай заяве. – Абодва бакі ўзялі абавязак працягваць супольную працу ў сферы арганізацыі ядравай бяспекі, уключаючы павышэнне ўзроўню бяспекі ў Аб’яднаным інстытуце энергетычных і ядравых даследаванняў у Беларусі».

У сваю чаргу амерыканскі бок заявіў пра гатоўнасць аказаць тэхнічную і фінансавую дапамогу для найхутчэйшай ліквідацыі Беларуссю запасаў высокаўзбагачанага ўрану.

11 жніўня сёлета Міністэрства фінансаў ЗША ў звязку з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі ўвяло санкцыі супраць чатырох беларускіх прадпрыемстваў: «Нафтану», «Горадня Азоту», «Горадня Хімвалакна» і «Белшыны». Грамадзянам ЗША забаронена ўдзельнічаць у камерцыйных або фінансавых угодах з гэтымі кампаніямі, а любыя іх магчымыя актывы пад юрысдыкцыяй ЗША замарожваюцца.

belsat.eu

Стужка навінаў