Уладзімір Лабковіч: Маўчанне Польшчы паглыбляе крызіс даверу


«Вялікае здзіўленне і неразуменне з боку не толькі нашае арганізацыі, але і ўсіх нашых калегаў у Беларусі, якія працуюць у грамадзянскай супольнасці, а таксама ў апазіцыйных палітычных асяродках, выклікае тое, што да гэтага часу мы так і не атрымалі ўцямнага адказу, ці была перададзеная інфармацыя пра іншых дэмакратычных актывістаў. Мы не ведаем гэтай інфармацыі, мы яе патрабуем, просім, але так гэтая інфармацыя нам і не была выдадзеная, – гаворыць прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Лабковіч. – На жаль, гэта яшчэ больш паглыбляе атмасферу страху, які цяпер ёсць у дэмакратычным асяродку, а таксама гэта паглыбляе крызіс даверу».

Перадача афіцыйнымі ўстановамі Польшчы і Літвы інфармацыі пра рахункі кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага фактычна сталася асноваю для крымінальнай справы супраць праваабаронцы. Яго вінаваць ва ўхіленні ад падаткаў. Тым часам, паводле калегаў Алеся Бяляцкага, грошы на ягоных замежных рахунках накіроўваліся выключна на падтрыманне рэпрэсаваных дэмакратычных актывістаў, а таксама на выплату штрафаў тых, каго арыштоўвалі падчас мірных акцыяў пратэсту.

Навіна пра перадачу інфармацыі аб рахунках беларускага праваабаронцы выклікала вялікі розгалас у Польшчы і Літве. Некаторыя чыноўнікі, што спрычыніліся да інцыдэнту, пакінулі свае пасады. Гэтак, учора стала вядома, што ў звязку са скандалам звольнілася кіраўніца Дэпартаменту міжнароднага права Літвы Аўшра Бярнаціене. «Не мае значэння ў гэтай сітуацыі – тры чыноўнікі звольненыя, два ці дзесяць, мы нават не лічым гэта важным для абмеркавання ў коле беларускіх праваабаронцаў. З маральнага пункту гледжання літоўскі бок прадэманстраваў сваю заклапочанасць, што яны шкадуюць, што яны лічаць сябе вінаватымі і спрабуюць максімальна гэтую сітуацыю выправіць», – падкрэсліў Уладзімір Лабковіч.

Паводле праваабаронцы, цяпер вельмі важна, каб была агучаная інфармацыя пра тое, ці былі перададзеныя звесткі пра іншых дзеячаў беларускай грамадзянскай супольнасці. «Кожны раз мы атрымліваем супярэчлівую інфармацыю. На ўзроўні Генпракуратуры кажуць, што інфармацыя была перададзеная толькі ў дачыненні спадара Бяляцкага, але ў той жа час няма адказу на пытанне, ці перадавалі інфармацыю польскія акруговыя пракуратуры. МЗС на розных узроўнях кажа, што, напэўна, яшчэ па кімсьці перадавалі. Такі стан няпэўнасці яшчэ больш ускладняе сітуацыю, – гаворыць Уладзімір Лабковіч. – Польскі бок, польскія палітыкі, якія цяпер з’яўляюцца высокімі чыноўнікамі, павінны разумець, што на краіну, якая таксама нядаўна перажыла дыктатуру, у якой быў вельмі моцны супраціў, – на яе кладзецца яшчэ большая маральная адказнасць за гэтую сітуацыю. Думаю, калі б у 1980-я гады падобная інфармацыя была перададзеная Заходняю Нямеччынай Ярузэльскаму, польскія калегі былі б моцна расчараваныя ў сваіх еўрапейскіх партнёрах».

belsat.eu

Стужка навінаў