Як развязаць дэмаграфічныя праблемы Беларусі?


Дзіцячыя паўзункі каштуюць амаль столькі ж, колькі штаны для дарослага чалавека, пражыць на дзяржаўную дапамогу для маладых маці немагчыма, а малады бацька не заўсёды ў стане ўтрымліваць цэлую сям’ю, пакуль жонка ў дэкрэце. Жыхары Беларусі лічаць, што дзяржава мусіць надаваць больш увагі інстытуту сям’і ды павялічыць матэрыяльную дапамогу для сем’яў з малымі дзецьмі.

«Калі дзяцей шмат – патрэбная кватэра ў першую чаргу. А таксама харчаванне, прадукты, матэрыяльна трэба неяк дапамагаць абавязкова. Іншага выхаду ў нас няма», – гаворыць адна з удзельніц вулічнага апытання. «Патрэбнае падвышэнне дапамогі. І каб не разавае, а менавіта павышэнне, каб мамы маглі годна, як у іншых краінах, гадаваць дзяцей. Каб яна магла сядзець удома, а тата мог яе ўтрымліваць», – дадае іншая рэспандэнтка.

Паводле удзельнікаў апытання, пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку матэрыяльныя праблемы ў маладых сем’яў не сканчаюцца. «Нават у школу сабраць дзяцей – дарагавата, а каб павысіць нараджальнасць, трэба палепшыць дабрабыт. Паспрабуйце на такую дапамогу пражыць», – заявіў адзін з рэспандэнтаў.

Паводле Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Беларусі на 2011–2015 гг., у 2015-м плануецца стабілізацыя колькасці насельніцтва на ўзроўні 9,44 млн чалавек і забеспячэнне пераходу да дэмаграфічнага росту.

Пакуль жа лічбы не суцяшальныя: сёлета за першае паўгоддзе насельніцтва зменшылася на 18,7 тыс. чалавек, што на 8,4 % больш, чым за адпаведны перыяд 2010 г. Нараджальнасць змяншаецца, а смяротнасць узрастае.

belsat.eu

Стужка навінаў