Гадавіна жнівеньскага путчу


19 жніўня спаўняецца дваццаць гадоў спробе адхіліць Міхаіла Гарбачова ад пасады прэзідэнта СССР і спыніць перабудову. Дзяржаўны камітэт надзвычайнага становішча (ГКЧП), спрабуючы не дапусціць развалу Савецкага Саюзу, увёў войскі ў Маскву, што ўрэшце зрабіла распад СССР непазбежным.

Чальцы ГКЧП абралі момант, калі Міхаіл Гарбачоў быў у адпачынку ў Крыме і абвесцілі пра адхіленне яго ад улады з прычыны стану здароўя. 19 жніўня бронетэхніка і некалькі тысяч жаўнераў ГКЧП уваходзяць у Маскву, абвяшчаючы надзвычайнае становішча на паўгода. У той жа дзень Барыс Ельцын называе дзеянні путчыстаў незаконнымі ды заклікае супрацьстаяць ім. Ягоныя прыхільнікі збіраюцца каля дому Вярхоўнага Савету РСФСР. Лідары путчыстаў не наважыліся на штурм, і 21 жніўня войскі ГКЧП выводзяцца з Масквы. Арганізатараў перавароту арыштавалі, а 23 жніўня Барыс Ельцын падпісаў указ аб спыненні дзейнасці Камуністычнай партыі РСФСР.

Падчас сутычак прыхільнікаў Ельцына і войскаў путчыстаў загінулі тры чалавекі. Колькасць параненых застаецца невядомаю.

Удзельніца тых падзеяў, абаронца дому Вярхоўнага Савету мастацкі крытык Мілена Арлова ўспамінае: “Ні я, ні мае сябры нічога не баяліся ў той момант. Я лічу, што на той момант мы былі маладымі ідыётамі. Нішто нас не пужала, і мы асабліва не мелі чаго траціць. Гэта была такая ліхасць маладых людзей. Напэўна, іншыя людзі чагосьці баяліся, але ішлі на гэта свядома. Не памятаю пачуцця страху – было толькі пачуццё эйфарыі”.

Паводле аднаго з галоўных прыхільнікаў Барыса Ельцына, Генадзя Бурбуліса, жнівеньскі путч стаў “палітычным Чарнобылем для савецкай імперыі. Гэта быў палітычны выбух таталітарнай сістэмы”.

Аднак праз дваццаць гадоў пасля перамогі дэмакратыі спадар Бурбіліс бачыць падобную небяспеку для сучаснай Расеі: “Гэтая радыяцыя, ідэйная, палітычная, светапоглядная, яна захоўвае сваё значэнне для сённяшняй Расеі, і мяне найбольш трывожыць тое, што пасля дваццаці гадоў паўстае пагроза існаванню ўжо Расейскай Федэрацыі. І мы абавязаныя не дапусціць гэтага”.

belsat.eu

Стужка навінаў