Лукашэнка адпачывае ў Сочы


Пасля завяршэння афіцыйнага візіту ў Катар Аляксандр Лукашэнка адправіўся на адпачынак у Сочы. Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, у Сочы ён правядзе «наступныя некалькі дзён».

Дакладныя тэрміны паездкі не называюцца. У прэс-службе таксама не ўдакладнілі, дзе менавіта ў Сочы будзе жыць кіраўнік дзяржавы. Вядома, што на гэтым расейскім курорце нашай краіне належаць санаторый «Беларусь», размешчаны ў цэнтры Сочы, і гатэль «Белая Русь» у горным пасёлку Красная Паляна.

Паводле неафіцыйных звестак, Лукашэнка прабудзе ў Сочы прыблізна тыдзень. Чакаецца, што пасля вяртання ў Менск ён возьме ўдзел у пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банку, запланаваным папярэдне на 24–25 жніўня. На пасяджэнні павінны быць прынятыя важныя рашэнні ў галіне валютна-фінансавай палітыкі.

Тыдзень таму Лукашэнка вылецеў з Беларусі ў Казахстан для ўдзелу ў нефармальным саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, які праходзіў 12 жніўня ў Астане. З 15 жніўня кіраўнік Беларусі быў з афіцыйным візітам у Катары.

belsat.eu

Стужка навінаў