Ірына Крыловіч: Узровень інфляцыі за год можа дасягнуць 70 %


На сёння ўзровень гадавой інфляцыі набліжаецца да 50 %. «Натуральна, што яна яшчэ будзе расці, шмат залежыць ад таго, ці будзе да канца года праведзеная яшчэ адна дэвальвацыя, – гаворыць эканамічная аглядальніца Ірына Крыловіч. – Калі гэта будзе зроблена, то ацаніць, якімі будуць стаўка рэфінансавання і ўзровень інфляцыі, немагчыма».

Паводле эксперта, калі ж дэвальвацыі не правядуць, улады паспрабуюць утрымаць рост інфляцыі, і гэты паказнік не перавысіць 5 % на месяц. Але нават пры такім развіцці падзеяў па выніках года рубель абясцэніцца мінімум на 70 %. Пры гэтым вырастуць адсоткавыя стаўкі па крэдытах. «У адпаведнасці з дакументамі, якія мы падпісалі, і тымі абавязацельствамі, што мы ўзялі на сябе, стаўка рэфінансавання павінна быць станоўчаю, то бок фактычна не менш за 70 % да канца года ці на пачатак студзеня. Я не ўпэўненая, што гэтак будзе, але недзе да 40 % стаўка рэфінансавання да канца года можа павысіцца», – заявіла Ірына Крыловіч.

Апублікаваная ж аптымістычная статыстыка, якая сведчыць пра рост аб’ёму ўкладаў насельніцтва, паводле Ірыны Крыловіч, можа мець «іншую прыроду». «Туды ўваходзяць дэпазіты па карткавых рахунках, якія могуць быць заробкавымі праектамі, а, як вядома, заробкі былі праіндэксаваныя ў бюджэтным сектары. Таму казаць пра тое, што людзі сапраўды панеслі дэпазіты ў банкі, пакуль не даводзіцца», – падкрэсліла эканамічная аглядальніца.

Эксперт раіць беларусам, што маюць валютныя дэпазіты ў банках, так іх і пакінуць, а вось тым, хто мае рублёвыя ўклады, лепш гэтыя сродкі або патраціць, або ўсё ж паспрабаваць перавесці ў валюту. «Я, вядома, не раю ісці на чорны рынак і купляць там валюту – курс незразумелы і, магчыма, досыць моцна завышаны, – гаворыць Ірына Крыловіч. – Калі банкі даюць недзе каля 30 % пад дэпазіт, можа, і ёсць сэнс пакласці грошы ў банк або купіць тое, што даўно адкладалі, выдаткаваць гэтыя грошы на медычнае абслугоўванне, на адукацыю дзяцей».

belsat.eu

Стужка навінаў