Чарговыя паўмеры


Нацыянальны банк ужо сёмы раз падвысіў стаўку рэфінансавання. Гэтым разам з 20 % да 22 %.

“У комплексе з агульнымі эканамічнымі захадамі ўраду такое ўзмацненне будзе спрыяць стабілізацыі сітуацыі ў замежнаэканамічнай сферы і абмежаванню інфляцыйных працэсаў”, – гаворыцца ў паведамленні Нацбанку.

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў упэўнены, што падвышэнне стаўкі рэфінансавання праблемаў эканомікі не развяжа. “Нацыянальны банк дае камерцыйным банкам грошы на падтрыманне эканамічнага росту, але рэальна яны вернуць Нацбанку менш, чым бралі, бо паказчыкі інфляцыя вельмі высокія”, – тлумачыць Леанід Злотнікаў. Аднак, на ягонае меркаванне, прызначаць стаўку рэфінансавання вышэйшую за паказчык інфляцыі не будуць: грошы адразу ж зробяцца “дарагія”, і шмат прадпрыемстваў не змогуць карыстацца крэдытамі, што пацягне спыненне вытворчасці ды беспрацоўе.

Эканаміст лічыць, што правільна было б банкруціць і прыватызаваць тыя прадпрыемствы, што не здольныя выжыць без дзяржаўнай дапамогі, аднак урад да гэтага кроку не гатовы. Тым не менш, адзначае Леанід Злотнікаў, падвышэнне стаўкі рэфінансавання і да 22 % – гэта рэальны крок, які дазволіць крыху прытармазіць інфляцыю.

Стаўка рэфінансавання – інструмент грашова-крэдытнага рэгулявання, з дапамогаю якога Нацбанк уздзейнічае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, а таксама стаўкі паводле дэпазітаў юрыдычных і фізічных асобаў і крэдытах, якія даюцца ім крэдытнымі арганізацыямі.

belsat.eu

Стужка навінаў