Новыя падрабязнасці справы аб выбуху ў менскім метро


У рэдакцыю сайту prokopovi.ch была дасланая пастанова аб перадаванні ў суд крымінальнай справы ў дачыненні Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні серыі выбухаў, у тым ліку ў тэракце на станцыі метро “Кастрычніцкая” 11 красавіка 2011 г. у Менску.

У той і наступныя дні ад рук тэрарыстаў загінулі 15 чалавек, 387 чалавек пацярпелі. У дакуменце, падпісаным намеснікам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэем Шведам, раскрываюцца некаторыя дэталі падрыхтоўкі тэракту і падаецца інфармацыя пра іншыя выбухі, якія, паводле следства, таксама здзейснілі абвінавачаныя.

З дакумента вынікае, што Уладзіслаў Кавалёў браў удзел толькі ў тэрактах 2000–2002 гг., пры гэтым ягоная роля ў іх не ўдакладняецца. Пасля гэтага Кавалёў знікае з-пад увагі ды з’яўляецца толькі ў частцы, што датычыць выбуху каля стэлы “Менск – горад-герой” улетку 2008 г. Згодна з матэрыяламі пракуратуры, Кавалёў прадаў Канавалаву тратыл для начыння выбуховай прылады. Таксама Кавалёву закідаецца актыўная дапамога ў падрыхтоўцы тэракту ў метро.

Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву выставілі абвінавачанне паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх злоснае і асабліва злоснае хуліганства, наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне маёмасці, замах на яго, незаконны выраб, набыццё і захоўванне выбуховых прыладаў, неданясенне і хаванне прыладаў злачынства, тэрарызм (Канавалаву інкрымінуюцца ўсе тры часткі арт. 289 КК РБ, Кавалёву – дапамога).

belsat.eu

Стужка навінаў