Дзмітрыя Бандарэнку адвезлі на Валадарскага


Палітвязня, якому тры тыдні таму зрабілі складаную аперацыю на хрыбетніку, перавезлі са шпіталю ў турэмную лякарню.

“Я бачыла, як у следчы ізалятар заехаў мікрааўтобус, у якім сядзела начальніца неўралагічнага аддзялення турэмнага шпіталю, і хоць акенцы былі зацемненыя, я ўпэўненая, што Дзіма быў там”, – распавяла “Белсату” жонка вязня Вольга Бандарэнка.

Турэмная адміністрацыя запэўнівала жанчыну, што арыштанта забяруць з 5-га клінічнага шпіталю прыкладна а 16-й гадзіне. “Але як толькі я ад’ехала па справах, яны адразу ж вывезлі Змітра”, – кажа Вольга.

Паводле жанчыны, падчас папярэдняй размовы з кіраўніцаю неўралагічнага аддзялення турэмнага шпіталю ёй паведамілі, што ўсё неабходнае для рэабілітацыі Змітра Бандарэнкі ў іх ёсць, што яны будуць выконваць усе рэкамендацыі “цывільных лекараў”. Вольга спадзяецца, што гэтыя словы не застануцца пустымі абяцаннямі, бо, як зазначае яна, апошнім часам стыль размоваў змяніўся: “Не ведаю, з чым гэта звязана, можа, з тым розгаласам і падтрыманнем, што здабыла гісторыя Змітра, але калі спачатку яны збіраліся забраць Дзіму са шпіталю ледзь не на трэці дзень пасля аперацыі, то потым далі яму тры тыдні на аднаўленне”.

Днямі Зміцер Бандарэнка напісаў заяву на імя начальніка СІЗА і папрасіў, каб яму змянілі пакаранне на больш мяккае, бо траціну тэрміну зняволення ён ужо адбыў. “Як піша Дзіма, пабачым, наколькі хопіць іхнага гуманізму”, – адзначыла жонка палітвязня.

Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, давераная асоба экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава за ўдзел у Плошчы быў асуджаны на 2 гады зняволення.

belsat.eu

Стужка навінаў