Названы самыя карумпаваныя міністэрствы


Больш за ўсё службовых крадзяжоў у Міністэрстве транспарту і Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры.

Генеральная пракуратура звярнулася да прэм’ер-міністра з прапановаю зрабіць больш жорсткім пакаранне за карупцыю сярод чыноўнікаў. Прапаноўваецца адразу прыцягваць іх да дысцыплінарнай адказнасці.

У лісце, падпісаным генпракурорам Рыгорам Васілевічам, адзначаецца, што больш за ўсё крадзяжоў выяўлена ў гандлі, а таксама ў сферах дзяржаўнага кіравання, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Пры гэтым найчасцей крадзяжы здзяйсняліся службовымі асобамі прадпрыемстваў і арганізацыяў Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры ды Міністэрства транспарту.

«Генеральная пракуратура лічыць, што ў міністэрствах вельмі слабая ўвага надаецца кантролю гаспадарчай дзейнасці падначаленых арганізацыяў. Гэта прыводзіць да крадзяжоў у асабліва буйных памерах. Яскравы прыклад – ААТ «Гомельмясакамбінат» – крымінальная справа пачатая супраць 24 чалавек, якія займалі кіроўныя пасады. Яны спрыялі злачынству на агульную суму звыш як 50 тысяч долараў», – пракаментавалі ў прэсавай службе Генпракуратуры.

Сярод іншага ведамства яшчэ раней распрацавала праект, які мусіў абавязаць чыноўнікаў адкрыта перадаваць інфармацыю пра свае прыбыткі і маёмасць, а таксама пра ўладанні сваіх найбліжэйшых сваякоў. Ініцыятарам у свой час выступаў намеснік генпракурора Віктар Конан. Але гэты праект далей за абмеркаванне ў вышэйшых чыноўніцкіх колах не пайшоў.

Летась актывістка кампаніі «Наш дом» Галіна Петрушэнка патрабавала ад уладаў Талачына надрукаваць звесткі пра свае прыбыткі ў раённай газеце. «Кіраўнік справамі Талачынскага райвыканкаму Вячаслаў Рашэтнікаў катэгарычна адмовіў. Ніякія аргументы наконт празрыстай дзейнасці ўлады яго не цікавілі. Праўда, ён распавёў, што існуе дакумент, які абавязвае чыноўнікаў абласнога рангу друкаваць у медыях інфармацыю пра свае прыбыткі. Але і гэтых звестак у газетах не з’явілася», – распавяла актывістка.

belsat.eu

Стужка навінаў