«Беларуснафта»: Здабычу спынілі з-за асаблівасцяў будовы радовішча


Прадпрыемства «Беларуснафта» афіцыйна заявіла пра выхад з кантракту на распрацоўку радовішча Джофэйр у Іране, гаворыцца ў паведамленні, размешчаным 17 жніўня на афіцыйным сайце кампаніі.

У кантракце прадугледжвалася магчымасць выйсця на любым этапе, падкрэсліваецца ў паведамленні.

У «Беларуснафце» заяўляюць, што кантракт на распрацоўку радовішча Джофэйр у Іране, падпісаны ў 2007 г., паводле якога падрадчыкам была «Беларуснафта», прадугледжваў распрацоўку радовішча ў некалькі этапаў. Першы этап завяршыўся ў верасні 2010 г.

«У ходзе працаў былі выяўленыя новыя звесткі пра геалагічную будову радовішча, якія абумовілі змяненне тэхнічных і фінансава-эканамічных умоваў рэалізацыі праекту», – гаворыцца ў паведамленні. «Улічваючы гэта, прадпрыемства «Беларуснафта» прыняло рашэнне пра выхад з гэтага кантракту пасля першага этапу», – адзначаецца ў заяве.

Раней пра выхад з праекту асваення нафтавага радовішча Джофэйр у Іране заявіў агенцтву «Интерфакс-Запад» намеснік генеральнага дырэктара ў пытанні знешнеэканамічнай дзейнасці і забеспячэння вытворчасці «Беларуснафты» Аляксандр Шараеў. «Так, сапраўды, Беларусь выходзіць з гэтага праекту», – заявіў ён.

Каментуючы на просьбу агенцтва інфармацыю іранскіх медыяў пра тое, што Беларусь нібыта не выканала ўмоваў кантракту ў частцы забеспячэння дзённых аб’ёмаў здабычы на ўзроўні не менш як 3,5 тыс. барэляў, Шараеў адзначыў, што на момант, калі на радовішчы праводзіліся тэставыя выпрабаванні, такі аб’ём здабычы забяспечыць было рэальна. Аднак пазней аказалася, што дзённы аб’ём здабычы крыху меншы, чым было вызначана ў кантракце.

Акрамя таго, Аляксандр Шараеў звярнуў увагу на тое, што беларускі бок у адпаведнасці з умовамі кантракту не займаецца непасрэдна здабычаю нафты са свідравін на радовішчы Джофэйр, а забяспечвае сэрвіснае абслугоўванне працэсу.

belsat.eu

Стужка навінаў