Беларусь спыніла здабычу нафты ў Іране


Інфармацыю аб выхадзе Беларусі з праекта па здабычы нафты ў Іране пацвердзілі ў ВА “Беларуснафта”. Як паведаміў прадстаўнік аб’яднання, афіцыйная пазіцыя беларускага боку будзе даведзена да грамадскасці да канца сённяшняга дня.

Навіна пра тое, што дзяржаўная кампанія «Беларуснафта» спыніла асваенне іранскага нафтавага радовішча Джофэйр і цалкам згортвае дзейнасць у гэтай краіне, распаўсюдзіла 16 жніўня інфармацыйнае агенцтва «Mehr» са спасылкаю на крыніцу ў Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніі (НІНК).

«Беларуснафта» спыніла ўсю нафтавую дзейнасць у Іране яшчэ напрыканцы чэрвеня, – цытуе суразмоўцу «Mehr». – Чакаецца таксама, што кантракт на першую фазу распрацоўкі беларускаю кампаніяй радовішча Джофэйр будзе скасаваны».

Паводле крыніцы, паміж бакамі паўсталі разыходжанні, якія датычаць метадаў і тэхналогіяў вядзення працаў, а таксама грашовай кампенсацыі іранскаму боку за выкарыстанне Беларуссю радовішча. Беларускі бок нібыта не выконвае сваіх абавязацельстваў па кантракце. Згодна з дамоваю, «Беларуснафта» абавязалася здабываць прынамсі 3,5 тыс. барэляў нафты на дзень, але здабывала менш за 2,8 тыс. барэляў, паведамляе «Mehr».

Кантрактнае пагадненне на 500 млн долараў ЗША «Беларуснафта» і НІНК заключылі ў верасні 2007 г. Беларуская кампанія атрымлівала права на распрацоўку радовішча Джофэйр.

Першая фаза распрацоўкі пачалася ў лютым 2011 г. 10 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску амбасадар Ірану ў Беларусі Сэед Абдала Хусэйні паведаміў, што Іран і Беларусь абмяркоўваюць магчымасці паставак іранскай нафты паводле своп-схемы. «Пакуль ідуць перамовы і няма пэўнага выніку, не буду нічога казаць. Магу толькі падкрэсліць, што ў нас няма ніякіх абмежаванняў па продажы нафты беларускім сябрам. Трэба толькі абраць такую схему, якая была б найбольш эканамічна рацыянальная», – сказаў амбасадар, дадаўшы, што разглядаюцца варыянты своп-схемаў з Азербайджанам і Расеяй.

Стратэгія развіцця энергетычнага патэнцыялу Беларусі на перыяд да канца 2020 г. прадугледжвае здабычу ў Іране больш як 9 млн тонаў нафты.

У амбасадзе Ірану ў Менску, Міністэрстве энергетыкі ды кампаніі «Беларуснафта» сітуацыі пакуль не каментуюць. Не выключана, што афіцыйная рэакцыя амбасады з’явіцца пазней. Падрыхтаваць каментар цягам дня абяцаюць і ў «Беларуснафце».

Варта адзначыць, што сёлета ў сакавіку ўрад ЗША ўвёў санкцыі супраць «Беларуснафты». Падставаю для гэтага сталася супраца беларускай кампаніі з Іранам у нафтавай сферы. Санкцыі фактычна закрываюць «Беларуснафце» доступ на амерыканскі рынак.

Раней ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі і супраць іранскай энергетычнай кампаніі «Naftiran Intertrade», з якою супрацоўнічае «Беларуснафта», з мэтай «ўзмацнення ціску на Іран за яго адмову выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў звязку з ядраваю праграмаю».

belsat.eu

Стужка навінаў