Шарамет: Пачынаем бачыць канец «лукашызму»




«Захопленасць Масквы Беларуссю ў грамадскай свядомасці моцна перабольшаная. У Маскве разумеюць, што Лукашэнка загнаны ў кут, што без фінансавай дапамогі з Масквы ён не пратрымаецца доўга, што Захад яму не дапаможа, крэдыт МВФ пад вялікім пытаннем, і што з Лукашэнкам трэба размаўляць жорстка і канкрэтна», – заявіў Павал Шарамет у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

Візіт у Маскву прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча журналіст называе «рытуальным», бо прынцыповыя рашэнні ў краіне прымае Аляксандр Лукашэнка: «Усе астатнія людзі, што сюды прыязджаюць – Мясніковічы, Макеі, нейкія міністры, прадстаўнікі заводаў і прадпрыемстваў – з гэтымі людзьмі тут ніхто сур’ёзна не размаўляе».

На пачатку жніўня стала вядома, што «Сбербанк России» і «Deutsche Bank» выдадуць «Беларуськалію» крэдыт на 2 млрд долараў пад залог 35 % акцыяў прадпрыемства. «Гэта такая своеасаблівая форма прыватызацыі. Усе бачаць, што грошай у Беларусі вельмі мала, што ў беларускіх заводаў гэтых грошай няма. Калі раптам гэтым прадпрыемствам пачынаюць даваць крэдыты, гэта азначае толькі тое, што пачынаецца прыватызацыя гэтых прадпрыемстваў, – мяркуе Павал Шарамет. – Тых прадпрыемстваў, што могуць вярнуць такія крэдыты (два мільярды, мільярд), у Беларусі можна пералічыць на пальцах адной рукі. У тым ліку «Беларуськалій». Калі прадпрыемства аддасць два мільярды – добра. Не аддасць – гэта будзе пачатак прыватызацыі. Такім чынам за два, можа быць, пяць мільярдаў «Беларуськалій» апынецца ў руках расейцаў, а не за 30, як гэтага хоча Лукашэнка».

Паводле Паўла Шарамета, калі Лукашэнка не верне крэдыт і не аддасць залогу, то наступствам будзе ўвядзенне жорсткіх міжнародных фінансавых санкцыяў. «Беларусь загнаная у кут. Што ў лоб, што па лобе, але гэтая эканамічная палітыка загнала краіну ў тупік. Што б цяпер ні рабіў Лукашэнка, усё працуе супраць яго, – заявіў суразмоўца. – Мы пачынаем бачыць канец «лукашызму». Наколькі гэта расцягнецца? Паўгода, год, два? Цяжка казаць пра тэрміны, але ўсё у руках выключна Расеі».

Павал Шарамет таксама сумняецца ў магчымасці атрымання Беларуссю крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду. «Калі да кастрычніка палітзняволеныя будуць заставацца ў вязніцах, ніхто ў МВФ не адважыцца выдзеліць грошы Лукашэнку. Гэта відавочна – тут эканоміка адыходзіць на другі план, на першы план выходзіць палітыка», – падкрэсліў журналіст.

belsat.eu

Стужка навінаў