Польшча: дваіх працаўнікоў пракуратуры звольнілі ў звязку са справаю Бяляцкага


Кіраўнік Дэпартаменту міжнароднай супрацы Генеральнай пракуратуры Польшчы Кшыштаф Каршніцкі падаў у адстаўку, а ягоную намесніцу Ханну Вісьнеўску вызвалілі ад пасады ў звязку са скандалам вакол справы беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 16 жніўня паведаміў генпракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт, перадае Польскае прэсавае агенцтва (PAP).

Пасля папярэдняга службовага расследавання Сэрэмэт прыйшоў да высновы, што ў дзейнасці ўзначаленага ім ведамства існавалі парушэнні. У выніку таго, што сёлета ў чэрвені Генпракуратура Польшчы ў межах дамовы аб прававой дапамозе перадала інфармацыю пра банкаўскі рахунак Бяляцкага ўладам Беларусі, праваабаронца быў арыштаваны.

Паводле Анджэя Сэрэмэта, пракурор Кшыштаф Каршніцкі падаў у адстаўку сам, а ягоную намесніцу Ханну Вісьнеўску вызвалілі ад пасады. Акрамя таго, службовае расследаванне і, магчыма, дысцыплінарная адказнасць чакаюць пракурора Ханну Адамяк, якая «была рэферэнтам справы Бяляцкага ў дэпартаменце». Цяпер чыноўніца адхіленая ад міжнароднай дзейнасці.

На мінулым тыдні стала вядома, што сёлета ў студзені міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі гутарыў з Генпракурорам Сэрэмэтам пра рахункі беларускіх грамадзянаў у польскіх банках і папярэдзіў, што інфармацыяй пра рахункі ўлады Беларусі могуць скарыстацца для барацьбы з дэмакратычнай апазіцыяй.

Паводле Генпракуратуры, пасля гэтай сустрэчы Сэрэмэт размаўляў з пракурорамі з Дэпартаменту міжнароднай супрацы і папярэджваў іх пра магчымую пагрозу. На мінулым тыдні ён заявіў, што ў той час яшчэ не было інфармацыі наконт «пэўнага механізму, якім скарыстаецца беларускі бок для барацьбы з апазіцыяй».

Перададзеная ў Менск інфармацыя пра замежныя банкаўскія рахункі Алеся Бяляцкага стала падставаю для ягонага арышту. Праваабаронца падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры і з 4 жніўня ўтрымліваецца пад арыштам. Яму пагражае турэмнае зняволенне на тэрмін да сямі гадоў.

Інфармацыю пра рахункі Бяляцкага ўладам Беларусі таксама перадало Міністэрства юстыцыі Літвы. І ў Вільні, і ў Варшаве заяўляюць, што ўлады Беларусі злоўжылі сістэмаю міжнародных працэдураў і дамоваў для рэпрэсіяў супраць сваіх грамадзянаў.

belsat.eu

Стужка навінаў