Сведку катаванняў уначы ратавала «хуткая»


Смаргонская міліцыя затрымала Юрыя Лінгу пры сведках і без тлумачэння прычынаў 15 жніўня каля 22-й гадзіны.

Пра гэта сайту ucpb.org распавёў дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы “Платформа” Андрэй Бандарэнка.

Калі Лінгу даставілі ў пастарунак, гаворыцца ў распаўсюджаным 16 жніўня паведамленні “Платформы”, міліцыянт ударыў яго ў спіну і шпурнуў у “шклянку”, дзе той стукнуўся галавою аб сцяну. Затрыманаму паведамілі, што на яго склалі “рапарт аб распіванні піва”. Лінга запатрабаваў медычнага агляду і папрасіў выклікаць “хуткую”, бо пачуўся дрэнна (у яго выдаленая шчытападобная залоза). Паводле яго, медыкаў выклікалі толькі тады, калі ён стаў траціць прытомнасць.

Лекар хуткай дапамогі зрабіў Лінгу два ўколы і папрасіў міліцыянтаў, каб пацыента пакінулі ў памяшканні ды не змяшчалі ў бетонную “шклянку”. Затрыманы заставаўся ў міліцыі да трэцяй раніцы, пакуль канчаткова не апрытомнеў. Калі ён змог ісці, яго адпусцілі дадому і сказалі, што выклічуць у суд. Юрый распавёў Бандарэнку, што не ведае, якія ўколы яму зрабілі. Паводле Лінгі, ад іх “не трымалі ногі” і было цяжка ісці.

За дзень да гэтага, увечары 14 жніўня, Юрыя Лінгу завезлі з дому ў мясцовае раённае ўпраўленне на міліцэйскім аўтамабілі ды завялі ў кабінет начальніка, дзе чакалі дзве асобы ў цывільным. Былы зняволены папрабаваў звязацца з кіраўніцтвам “Платформы”, аднак у яго сканфіскавалі мабільны тэлефон, і толькі тады паведамілі, што прыбылі з Менску праверыць агучаныя ў медыях фактаў ціску на Юрыя з боку мясцовай міліцыі пасля ягонага ўдзелу ў прэс-канферэнцыі.

Цягам дзвюх гадзінаў ад яго патрабавалі напісаць у тлумачэнні, што ніякага ціску не было, а кіраўнік установы “Платформа” Андрэй Бандарэнка падаў медыям, у прыватнасці, інтэрнэт-рэсурсу “Хартыя-97” ілжывыя звесткі. Урэшце Лінга напісаў, што міліцыянты не аказвалі на яго фізічнага ціску, але асобы ў цывільным адмовіліся выклікаць названага ім адваката.

1 жніўня ў Менску прайшла прэс-канферэнцыя, арганізаваная інфармацыйна-асветніцкаю ўстановаю “Платформа” (яна займаецца пытаннямі захавання заканадаўства ў папраўчых установах). На ёй былі агучаныя факты катаванняў у Глыбоцкай калоніі. У прэс-канферэнцыі ўдзельнічалі Юрый Лінга, які нядаўна вызваліўся з калоніі, а таксама маці дваіх зняволеных з той калоніі.

12 жніўня Юрыя выклікалі ў Смаргонскае раённае ўпраўленне ўнутраных справаў, каб узяць тлумачэнні з нагоды прэс-канферэнцыі, і завялі на яго адміністратыўную справу. Паводле інфармацыі Бандарэнкі, Лінгу абвінавачваюць у парушэнні “правілаў прэвентыўнага нагляду”, пад якім ён застаецца з моманту выхаду з Глыбоцкай калоніі ды паводле якіх мае права выязджаць за межы Смаргоні толькі з дазволу міліцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў