Вялікая прыватызацыя. «Гэта будуць сенсацыйныя здзелкі»


Паводле палітолага Юрыя Чавусава, перамовы наконт “вялікай прыватызацыі” з Расеяй будуць весціся за зачыненымі дзвярыма, а іх нечаканыя вынікі мы пабачым сёлета пры канцы года або на пачатку наступнага – у выглядзе сенсацыйных здзелак.

Вынікамі перамоваў беларускага прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным 15 жніўня стала зніжэнне коштаў на газ для Беларусі з 2012 г. наўзамен на прыватызацыю Расеяй “Белтрансгазу”. Як надалей маюць адбывацца перамовы паміж Беларуссю і Расеяй у эканамічнай сферы? Палітолаг Юрый Чавусаў заўважае, што беларуская статыстыка “дзіўным чынам стала ўважаць крэдыты за інвестыцыі”. “Беларусі патрэбныя жывыя грошы. Інвестыцыі – гэта тое, што робіцца на перспектыву, на развіццё”, – гаворыць эксперт.

Паводле яго, сёння ўрад краіны разважае ў кантэксце некалькіх наступных месяцаў: як пратрымацца да новага паступлення фінансаў: “Я не думаю, што ў жніўні ды на пачатку верасня варта чакаць моцных усплёскаў, моцных крокаў у беларуска-расейскіх дачыненнях. Хутчэй можна чакаць таго, што бакі пойдуць на абмеркаванне расейскага капіталу ў вялікай беларускай прыватызацыі, але гэтая камунікацыя будзе весціся таемна, за зачыненымі дзвярыма, і вынікі гэтых перамоваў мы атрымаем напрыканцы года або на пачатку наступнага – у выглядзе сенсацыйных угодаў набыцця расейскім капіталам беларускіх прадпрыемстваў”, – мяркуе Юрый Чавусаў.

Ад верасня прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў будзе адзінаю магчымаю крыніцаю атрымання тых грошай, якія неабходныя для падтрымання эканомікі ў працоўным стане. “Гаворка не толькі пра інвестыцыі ў так званыя “блакітныя фішкі”, фамільнае срэбра, вялікія прамысловыя прадпрыемствы, а і ў інфраструктуру, у развіццё транспартных сістэмаў і, у шырокім сэнсе, укладанне ў беларускую эканоміку”, – кажа эксперт.

Пры гэтым ён падкрэслівае, што Беларусь рухаецца да дэфолту, а таму вяртанне крэдытаў малаверагоднае, і ў разлік ідзе стратэгічная маёмасць кшталту “Беларуськалію”. “Нават ужо дзяржаўныя чыноўнікі прызнаюць, што праз два гады выплата нават адсоткаў паводле запазычанасцяў Беларусі будзе непамерная”, – заўважае палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў