Уладзімір Пуцін: З 2012 года газ будзе таннейшы


Расея з 2012 г. увядзе паніжальны каэфіцыент пры вызначэнні цаны на газ для Беларусі, паведаміў прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін 15 жніўня на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння ў Маскве Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы. «У Расеі прынятае рашэнне з наступнага года, з 2012-га, увесці ў газавую формулу для Беларусі інтэграцыйны паніжальны каэфіцыент», – цытуе Пуціна «РИА Новости».

Паводле прэм’ера, узровень гэтага каэфіцыенту трэба вызначыць падчас перамоваў на ўзроўні гаспадарчых суб’ектаў. «Зыходзім з таго, што ў межах інтэграцыйных аб’яднанняў мы павінны выйсці на ўмовы роўнай канкурэнцыі», – адзначыў Пуцін, дадаўшы, што энергетыка тут адыгрывае не апошнюю ролю.

Пуцін таксама паведаміў, што канчатковыя дамоўленасці будуць звязаныя з набыццём «Газпромам» астатніх 50 % акцыяў «Белтрансгазу». «Разлічваем на тое, што гэты працэс будзе сінхранізаваны з набыццём другой долі кампаніяй «Газпром» у «Белтрансгазе», дзе ён ёсць 50-адсоткавым уласнікам», – падкрэсліў прэм’ер.

Таксама Уладзімір Пуцін заявіў, што пазіцыя ўладаў Расеі наконт зніжэння цаны на газ для Беларусі адзіная. «Пазіцыя ўзгодненая, гэта і пазіцыя ўраду, і пазіцыя прэзідэнта РФ. Мы сёння з Дзмітрыем Анатольевічам раніцаю пра гэта гаварылі, нашу пазіцыю ўзгаднілі, таму я выказваю агульную пазіцыю расейскага кіраўніцтва», – заявіў Пуцін.

Беларускі прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч падзякаваў Пуціну за ўвядзенне паніжальнага каэфіцыента. “Дамовіліся мы, што ў найбліжэйшы месяц будуць адрэгуляваныя ўсе пытанні, у першую чаргу па 2012 годзе па закупках нафты і газу. Дзякуй вялікі, Уладзімір Уладзіміравіч, за гэты, так бы мовіць, падарунак… Галоўнае, якая назва — інтэграцыйны каэфіцыент. Для нас галоўнае, што ён будзе ніжэйшы за адзінку, я так разумею”, — сказаў ён.

Пуцін адказаў, што зніжэнне цаны на газ для Мінска з 2012 года не з’яўляецца падарункам з боку Расеі. “Гэта прамая дапамога, падтрымка, але гэта не зусім падарунак. Гэта ўсё-такі сведчыць аб тым, што для расійскіх кампаній пашыраюцца магчымасці на беларускім рынку, і яны гатовы пайсці насустрач сваім беларускім партнёрам”, — сказаў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў