У моладзевым серыяле будуць размаўляць па-беларуску і пра СНІД


«З любоўю і пяшчотаю мы пакажам у ім наш Менск, нечаканыя і ў той жа час вядомыя моладзі месцы гораду», – гаворыць крэатыўны прадзюсар і сцэнарыст кінапраекту Андрэй Курэйчык.

У Менску закончыліся кастынгі для будучых герояў серыялу «Вышэй за неба». Яго знімуць дзякуючы падтрыманню з боку Праграмы развіцця ААН у супрацы з Міністэрствам аховы здароўя на сродкі гранту Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй. У кастынгах узялі ўдзел каля 1300 беларусаў ва ўзросце ад 16 да 27 гадоў.

«Мы будзем першымі, хто зробіць кіно ў фармаце па-сапраўднаму моладзевага беларускага серыялу, – сцвярджае крэатыўны прадзюсар і сцэнарыст кінапраекту Андрэй Курэйчык. – З любоўю і пяшчотаю мы пакажам у ім наш Менск, нечаканыя і ў той жа час вядомыя моладзі месцы гораду, паспрабуем паказаць усе пласты моладзі».

Што будзе адрозніваць беларускі серыял ад іншых фільмаў, адрасаваных моладзі? «Спадзяюся, наш серыял будзе адрозніваць высокая якасць, – працягвае Курэйчык. – У нас вельмі прафесійная каманда, і мы пастараемся зрабіць яго па-сапраўднаму яркім і цікавым. У фільме будзе вялікая колькасць актуальнай беларускай музыкі. І, нарэшце, там будзе гучаць беларуская мова – шматлікія героі ў нас гавораць па-беларуску».

Пры выбары музыкі, растлумачыў Андрэй, здымачная група зыходзіць з крытэрыю яе папулярнасці ў моладзевым асяроддзі і блізкасці тэматыцы фільму, якая спалучаецца з тэмаю прафілактыкі ВІЧ/СНІД.

«Галоўнаю задачаю нашага серыялу я бачу тое, каб яго поспех паўплываў на прафілактыку ВІЧ у нашай краіне, – працягвае старшыня экспертнай рады, дарадца-кансультант у пытанні інфармацыйнай стратэгіі ды прафілактыкі ВІЧ Сяргей Кручэня. – Каб маладыя людзі, якія будуць яго глядзець (а я ўпэўнены, ён ім спадабаецца), змянілі паводзіны на больш адказныя ў дачыненні свайго здароўя і здароўя сваіх блізкіх. І, вядома, сярод задачаў – разбурэнне вызначаных міфаў і стэрэатыпаў, якія існуюць у нашым грамадстве ў дачыненні ВІЧ/СНІД і абцяжарваюць эфектыўную працу па яго прафілактыцы».

«Сёння галоўны шлях перадачы ВІЧ – палавы, – патлумачыў Сяргей Кручэня. – Распаўсюд інфекцыі адбываецца не сярод уразлівых групаў (спажыўцоў ін’екцыйных наркотыкаў, мужчынаў, якія маюць секс з мужчынамі, прадстаўніц секс-бізнесу), а, як правіла, сярод цалкам нармальных людзей, якія забываюць пра бяспечныя паводзіны. Наша задача – падштурхнуць чалавека, каб ён усвядоміў сітуацыю і зрабіў свой выбар».

belsat.eu

Стужка навінаў