«Белтэлекам» застаецца манапалістам


Законапраект пра ўнясенне зменаў у закон «Аб электрасувязі» адклікалі з ніжняй палаты парламенту.

Законапраект прадугледжваў, што з тэксту закону выкрасляць словы, якія надаюць нацыянальнаму аператару сувязі выключныя правы на пропуск міжнароднага трафіку і прыцягненне да сетак электрасувязі замежных краінаў. Такім чынам, за «Белтэлекамам» заставалася б толькі выключнае права на далучэнне сетак унутры краіны.

Парламентарыі сцвярджаюць, што законапраект адклікалі для дапрацоўвання ў сувязі з указам прэзідэнта №515. Ідзецца пра дакумент, паводле якога плануецца стварыць Нацыянальны цэнтр абмену трафікам (НЦАТ). Да 1 студзеня 2011 года мусяць вызначыць парадак далучэння сетак перадавання ды прапускання трафіку да адзінай рэспубліканскай. Мяркуецца, што гэтая сетка будзе працаваць з 2012 года.

Як адзначыў дырэктар УП «Надзейныя праграмы» Юрый Зісэр, функцыі “Белтэлекаму” перанакіруюць іншай дзяржаўнай установе. «Гэта будзе такі самы манапаліст, але ў чым плюс? У адрозненні ад «Белтэлекаму», НЦАТ не мае сваіх прыватных кампаніяў на рынку электрасувязі. Па сутнасці, эканамічна ён не мусіць быць зацікаўленым бокам».

belsat.eu

Стужка навінаў