Беларускія прадпрыемствы разлічваюць на дзяржзамову Расеі


Гэта значна пашырыла б рынкі збыту. Такую магчымасць дае Мытны звяз, але пакуль няма заканадаўчых нормаў.

Як тлумачаць у Міністэрстве эканомікі, у межах адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) тры краіны Мытнага звязу падпісалі пагадненне аб правядзенні дзяржаўных муніцыпальных закупак з 1 студзеня 2012 г.

У Беларусі паўстала працоўная група, якая будзе лабіяваць прыняцце заканадаўчых нормаў у межах АЭП. У яе ўваходзіць старшыня галоўнага кіраўніцтва міжнародных стасункаў Міністэрства эканомікі Раман Бродаў. Чыноўнік адзначыў, што ўдзел беларускіх прадпрыемстваў, прадпрымальніцкіх структураў у расейскіх дзяржаўных закупках – вельмі важная працэдура, гэта гарантыя збыту прадукцыі, паступленняў, гарантаваная выручка. “Гэта тыя ўмовы, за якія змагаюцца любыя суб’екты гаспадарання, незалежна ад тэрытарыяльнай прыналежнасці”, – сказаў прадстаўнік міністэрства.

У Расеі нерэзідэнты могуць удзельнічаць у дзяржпраграме толькі на конкурснай аснове. Апроч таго, напрыканцы 2008 г. з-за эканамічнага крызісу Масква прыняла дадатковыя абмежавальныя захады абароны свайго рынку і падтрымання ўласных рэзідэнтаў-вытворцаў.

З гэтага года дзеіць загад Міністэрства эканамічнага развіцця РФ аб умовах допуску тавараў, што паходзяць з замежных дзяржаваў. У адпаведнасці з дакументам, расейскія суб’екты гаспадарання маюць прэферэнцыйную (15 %) папраўку да кошту сваіх тавараў пры продажы на ўнутраны рынак ва ўмовах конкурсу або дзяржаўных закупак. Але самая вялікая праблема для беларускіх вытворцаў – тое, што яны не маюць доступу да электронных аўкцыёнаў, якія ў гэтым працэсе адыгрываюць найважнейшую ролю.

На меркаванне эканаміста Сяргея Балыкіна, Расея не дапусціць беларускіх прадпрыемстваў на свой рынак дзяржаўных закупаў. “Гэта вельмі прывабны сектар, таму абавязкова будуць нефармальныя абмежаванні. Нельга цалкам абвінавачваць Расею ў гэтым пытанні, бо і ўлады Беларусі ініцыююць тое самае на нашым рынку. Праграма імпартазамяшчэння выгнала з айчыннага рынку шмат расейскіх вытворцаў”, – адзначыў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў