Неўязной выдалі візу праз памылку ў сістэме


Намесніцы міністра юстыцыі Беларусі Але Бодак ўдалося атрымаць літоўскую візу і дабрацца да мяжы, аднак яе не ўпусцілі ў краіну. Выпадкова візу выдалі і суддзі Вярхоўнага суда Беларусі Аляксею Рыбакову, але адразу анулявалі, заўважыўшы памылку.

Ала Бодак і Аляксей Рыбакоў уваходзяць у спіс беларускіх чыноўнікаў, уезд якім на тэрыторыю краін ЕЗ забаронены.

Як паведаміла беларускае тэлебачанне, іх запрасілі ў Літву паводле праграмы ААН для ўдзелу ў канферэнцыі па праблемах наркатрафіку і альтэрнатыўных відаў пакарання для нарказалежных. Раней меркавалася, што паездка звязана са справаю праваабаронцы Алеся Бяляцкага, дадзеныя рахункаў якога літоўскі бок перадаў беларускім праваахоўным органам.

Абодва чыноўнікі асудзілі дзеянні літоўскага боку, калі ім не ўдалося ўехаць у краіну. Гэта прагучала ў сюжэце праграмы “Панарама” Першага канала 12 жніўня.

Міністэрства замежных спраў Літвы 12 жніўня заявіла, што літоўскае пасольства ў Беларусі выдала шэнгенскую візу Але Бодак у выніку некалькіх памылак. “Гэта было звязана з некалькімі памылкамі ў шматступеньчатай сістэме выдачы віз і пропуску асоб у Шэнгенскую зону, якая ўключае ў сябе шматлікія літоўскія ведамствы”, — гаворыцца ў паведамленні МЗС. Яго аўтары адзначаюць, што Літва ўсё ж не парушыла санкцыі ЕЗ: “Адна са ступеняў паспяхова спрацавала, і чалавек, які спрабаваў уехаць у Шэнгенскую зону, не быў прыняты ў Літве”.

Паводле слоў намесніка міністра замежных спраў Літвы Асты Скайсгірытэ-Ляўшкене, асноўнай прычынай інцыдэнту стала тое, што ў адным з дакументаў імя Алы Бодак было запісана не так, як у інфармацыйнай сістэме, прызванай распазнаваць непажаданых асобаў. У інтэрв’ю сайту Delfi Скайсгірытэ-Ляўшкене сказала, што з-за няправільна ўведзеных даных шэнгенскую візу атрымала яшчэ адна непажаданая ў ЕС асоба — Аляксей Рыбакоў, суддзя Вярхоўнага суда Беларусі. Гэта памылка была своечасова заўважана, а віза — анулявана, адзначыла яна.

belsat.eu

Стужка навінаў