На Усебеларускі сход Някляева не пусцяць


Працаўнікі выканкаму Ленінскага раёну Менску адмовіліся зарэгістраваць Уладзіміра Някляева ўпаўнаважаным у справе вылучэння дэлегатаў на Усебеларускі народны сход.

Як паведамляе праваабаронца Раіса Міхайлоўская, працэдура вылучэння дэлегатаў сходу вельмі складаная і закрытая.

“Кампанія “Гавары праўду” з цяжкасцю даведалася пра механізмы ды квоты вылучэння дэлегатаў. У апошні дзень – 27 кастрычніка – актывісты арганізавалі сход жыхароў Ленінскага раёну. Гэты сход вылучыў 9 упаўнаважаных дэлегатаў. Спадар Някляеў быў сярод іх”.

Але на паседжанні аргкамітэту Усебеларускага народнага сходу па Ленінскім раёне упаўнаважаных з сустрэчы, арганізаванай “Гавары праўду”, не прызналі паўнамоцнымі.

Старшыня аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Ленінскага райвыканкаму Павал Піскуноў сцвярджае, што прысутнічаў на тым сходзе грамадзянаў. “Лічу, што на той сустрэчы не прысутнічалі 300 чалавек, кворум не быў выкананы, а гэтага патрабуе заканадаўства”, – адзначыў ён. Каментаваць сабраныя актывістамі 302 подпісы чыноўнік адмовіўся.

Нагадаем, Уладзімір Някляеў прынцыпова хацеў патрапіць на Усебеларускі народны сход законным шляхам. “Гвалтоўна прарывацца ў Палац Рэспублікі, як тое было ў 2006 годзе з Аляксандрам Казуліным, у мае планы не ўваходзіць”, – неаднаразова адзначаў палітык у сваіх інтэрв’ю.

belsat.eu

Стужка навінаў