Менчукам прапануюць жытло ў гарадах-спадарожніках


Пабудавацца, напрыклад, у Смалявічах можна будзе, не дачакаўшыся сваёй чаргі.

Менгарвыканкам прапануе «чаргавікам» жытло ў Смалявічах – першым і, магчыма, апошнім горадзе – спадарожніку Менску.

Менчукі, якія не хочуць чакаць 20 гадоў, пакуль падыдзе іхная чарга на паляпшэнне жыллёвых умоваў, змогуць скарыстаць са спрошчанага варыянту. Гарадскія ўлады прапануюць ім замест сталічнай кватэры жытло за 30 км ад Менску – у Смалявічах.

«Праведзенае сацыялагічнае апытанне. Высветлілася, што ёсць ахвотныя. Паводле папярэдніх падлікаў, каля 700 чалавек выявілі жаданне будаваць жытло ў Смалявічах», – заявіў намеснік старшыні Менгарвыканкаму Сяргей Радаман. Паводле яго, першы дзевяціпавярховы панэльны дом пачнуць узводзіць ужо праз два месяцы, у кастрычніку. Чыноўнікі падкрэсліваюць, што «ссылка» не будзе прымусоваю. Хто хоча, можа далей чакаць сваёй чаргі на кватэру ў Менску.

З наступнага года з’явіцца яшчэ адзін варыянт – будаўніцтва ў Смалявічах прыватных дамоў. Мяркуецца, што ахвотныя менчукі змогуць пабудаваць каля 3 тыс. дамоў.

Намесніца дырэктара беларускага НДІ горадабудаўніцтва Ларыса Смірнова нагадвае, што яшчэ год таму размова вялася пра сем спадарожнікаў: Дзяржынск, Жодзіна, Фаніпаль, Узду, Рудзенск, Заслаўе і Лагойск. На яе думку, у звязку з крызісам справа можа абмежавацца толькі Смалявічамі, і тое, калі гарадскія ўлады змогуць прывабіць сталічных жыхароў.

Раней Менгарвыканкам выказваў гатоўнасць выдаваць ахвотным будавацца крэдыт пад 1 % гадавых тэрмінам на 40 гадоў, аднак з ростам стаўкі рэфінансавання такі варыянт было вырашана адхіліць.

belsat.eu

Стужка навінаў