Улады хочуць спыніць шоп-туры ў Беларусь


Кіраўніцтва прымежных зонаў і Міністэрства гандлю занепакоенае актыўным скупляннем беларускіх вырабаў замежнікамі.

Складаная эканамічная сітуацыя ў Беларусі вабіць замежных турыстаў. Яшчэ вясною ажыятажны попыт на беларускую тэхніку назіраўся ў Віцебскай вобласці, куды некалькі разоў на тыдзень прыязджалі жыхары з прымежных раёнаў Расеі. Цяпер шоп-туры набылі больш цывілізаваны выгляд – за іх узяліся турыстычныя кампаніі. Напрыклад, “Тур-вояж” прапаноўвае адмысловую праграму “Шоп-тур: Пакуль у Беларусі крызіс”. Прадстаўнік кампаніі адзначыў, што такія вандроўкі карыстаюцца папулярнасцю сярод расейцаў. “Праблемаў з загрузкаю аўтобуса мы не маем. Турыстам прапаноўваецца экскурсія па горадзе, а таксама вольны час. Большасць з іх за гэтыя некалькі гадзінаў хутка аббягае беларускія крамы. Мы даўно гэта заўважылі, таму вырашылі, чаму б нам не распрацаваць для іх маршрут”, – кажа суразмоўца. Дарэчы, пуцёўка ў Беларусь каштуе прыкладна 90 долараў. Сярод іншага, арганізатары абяцаюць завесці турыстаў на склады прадпрыемстваў.

Супрацоўнікі Гомельскай мытні праводзілі нават маніторынг: што вязуць з Беларусі расейцы? Практычна ў кожным аўтамабілі – харчы ў вялікіх аб’ёмах. “Паводле нашых ацэнак, гаворка ідзе пра дзясяткі тонаў, – даводзіць працаўнік мытні Алег Барцоў. – Такая тэндэнцыя назіраецца па ўсёй беларуска-расейскай мяжы: у Магілёўскай ды Віцебскай вобласцях таксама. Шматлікія масквічы і пецярбуржцы, вяртаючыся з Чорнага мора праз Беларусь, адразу заязджаюць у нашыя супермаркеты, робяць вялікія набыткі ды толькі тады вяртаюцца дадому”.

Улады Беларусі не прыдумалі нічога лепшага, як узняць кошты на харчы. На меркаванне Міністэрства гандлю толькі тады, калі ў Беларусі цэны зраўняюцца з расейскімі, турысты не будуць масава вывозіць нашыя прадукты. Аднак такая сітуацыя закране найперш саміх беларусаў, якія і так скардзяцца на павышэнне цэнаў. “Да таго ж, стрымліванне пакупнікоў з Расеі супярэчыць прынцыпам Мытнага саюзу, – заўважае эканамістка Ірына Урбан. – Не можа быць ніякага кантролю, колькі вывозяць прадуктаў у Расею, з якой у нас фактычна няма мяжы. Ва ўсім свеце шоп-туры – выдатная магчымасць развіваць гандаль і сферу паслуг у прынцыпе”.

belsat.eu

Стужка навінаў