Алесін: Прычына скандалаў – непразрыстая праца "Белтэхэкспарту"


Сёння, 10 жніўня, у інтэрнэце з’явілася інфармацыя, апублікаваная хакерскаю ананімнаю групаю, якая ўзламала сэрвер італьянскай кіберпаліцыі, пра тое, што ўлады Беларусі спрыялі экспарту зброі ў арабскія краіны. Удакладняецца, што зброю прадавалі палестынскім тэрарыстычным групоўкам “Тэгрык-і-Талібан” (“Tehrik-e-Taliban”) і “Ляшкар-э-Тэйба” (“Lashkar-e-Taiba”).

У паведамленні адзначаецца, што беларуская кампанія “Белтэхэкспарт” ажыццяўляе транспартаванне зброі праз Сірыю і Курдыстан. Фінансавыя аперацыі гандлю зброяй праходзяць праз ліванскі “Франсабанк” (“Fransabank”), які мае аднайменную філію ў Беларусі, а таксама іранскі банк “Тэджэрат” (“Tejarat”). У “Франсабанку-Беларусь” адмаўляюцца каментаваць інфармацыю, спасылаючыся на таямніцу банкаўскіх аперацыяў.

Прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных зняпраўджвае інфармацыю аб продажы зброі палестынскім тэрарыстам і называе яе правакацыяй: “Публікацыі ў інтэрнэце з’яўляюцца правакацыяй, гэта поўная дэзінфармацыя. Для надання праўдападобнасці выкарыстаны набор не звязаных паміж сабой матэрыялаў. Пры гэтым ужытыя электронныя тэхналогіі фальсіфікацыі тэксту для падтасоўкі зместу”, – гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС.

Прадстаўнік МЗС падкрэсліў, што Беларусь выконвае ўсе забавязальніцтвы ў адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам. “Інакш нам выставілі б прэтэнзіі на афіцыйным узроўні, таму Беларусь нічога не парушала”, – заўважыў спадар Савіных.

З інфармацыі ў інтэрнэце вядома, што звесткі аб продажах зброі сыходзілі ад спецслужбаў Індыі. Амбасадар Індыі ў Рэспубліцы Беларусь Манодж Кумар Бхарці кажа, што не валодае дэталёвай інфармацыяй у гэтым пытанні. Ён таксама адзначыў, што Беларусь падпісала міжнародныя пагадненні ды ўваходзіць у ААН, таму мусіць прытрымлівацца міжнародных нормаў. “Тэрарызм – небяспечная з’ява, якая можа закрануць любую краіну. Менавіта таму ўлады Беларусі мусяць зрабіць усё магчымае, каб перадухіляць такія факты”, – сказаў амбасадар.

Абвінавачанні ў арганізацыі экспарту зброі перыядычна ўсплываюць у дачыненні нашай краіны. Вядома, што гешэфты ідуць праз “Белтэхэкспарт”, супраць якога ўведзеныя эканамічныя санкцыі з боку ЗША. Раду акцыянераў гэтай кампаніі ўзначальвае Уладзімір Пефціеў, які стаў першым беларускім бізнесоўцам, якому забаранілі ўезд на тэрыторыю Еўразвязу. Ён уваходзіць у найбліжэйшае атачэнне Аляксандра Лукашэнкі ды ў спіс самых забяспечаных людзей Беларусі.

Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін патлумачыў, што скандальныя чуткі пра гандаль рэгулярна з’яўляецца з-за таго, што дзейнасць кампаніі “Белтэхэкспарт” непразрыстая. “Па сутнасці, усе продажы пакрываюцца ўладамі Беларусі. Адсюль і прэтэнзіі да рэжыму Лукашэнкі”, – мяркуе ён.

belsat.eu

Стужка навінаў