У Гомлі суд адмяніў пастанову аб арышце праваабаронцы


Гомельскі абласны суд 10 жніўня разгледзеў скаргу праваабаронцы Анатоля Паплаўнага на прыцягненне яго да адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту.

Суддзя Васіль Бягун прыняў рашэнне адмяніць пастанову суда Цэнтральнага раёну ў звязку з парушэннямі: арыгінал адміністратыўнага пратаколу мае разыходжанні з копіяй, а міліцыянера, які склаў пратакол, не дапыталі ў судзе. Справу накіравалі на новы разгляд.

Праваабаронцу затрымалі 3 ліпеня падчас акцыі маўклівага пратэсту. 4 ліпеня суд прызнаў яго вінаватым у дробным хуліганстве – нецэнзурнай лаянцы – і пакараў 15 днямі арышту.

У сваёй скарзе ў абласны суд Паплаўны пазначыў, што ў пратаколе, копію якога ён атрымаў, не названыя сведкі правапарушэння, а таксама звесткі правапарушальніка – грамадзянства, адукацыя, месца працы, не растлумачаныя правы і абавязкі затрыманага. Праваабаронца падкрэсліў, што пры разглядзе ягонай адміністрацыйнай справы суд праігнараваў шматлікія патрабаванні Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях, што дае падставы гаварыць пра незаконнасць вынесенай пастановы.

«Цяпер перад раённым судом стаіць задача выправіць гэты пратакол у адпаведнасці з законам. Думаю, што яны выправяць памылкі, і будзе новае рашэнне, магчыма, не на карысць Паплаўнага, але мы будзем скардзіцца далей», – пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Леанід Судаленка. Тым не менш, ён назваў рашэнне абласнога суда прэцэдэнтам: «За апошні час ніводная палітычна матываваная пастанова не адмянялася».

Сам Паплаўны пракаментаваў сітуацыю так: «Мне вельмі прыемна, што такія выпадкі бываюць. Па-іншаму не магло быць, у пратаколе столькі парушэнняў (напрыклад, сведкі з’явіліся ўжо пасля складання пратаколу). Міліцыянеры папросту сфальсіфікавалі пратакол у дачыненні мяне».

Праваабаронца падкрэсліў: яго затрымалі 3 ліпеня за тое, што ён фатаграфаваў незаконныя затрыманні грамадзянаў. Такім чынам, лічыць Паплаўны, міліцыя хацела ізаляваць яго і выдаліць здымкі.

belsat.eu

Стужка навінаў