Атрымаць жытло ў Менску будзе надзвычай складана


У Менску знізяць норму забяспечанасці агульнаю плошчаю жылога памяшкання, якую ўлічваюць для прызнання грамадзянаў асобамі, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які зніжае згаданую норму з 15 да 10 квадратных метраў, паведамляе агенцтва «Интерфакс-Запад» са спасылкаю на прэс-службу прэзідэнта.

Там паведамілі таксама, што ўказ павялічвае да 10 гадоў тэрмін, які абмяжоўвае пастаноўку на ўлік асобаў, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, сярод людзей, якія прыбылі ў сталіцу з іншых населеных пунктаў.

Пры гэтым забяспечанасць агульнаю плошчаю жылога памяшкання будзе вызначацца зыходзячы з сумы агульнай плошчы ўсіх жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ва ўласнасці або ў карыстанні грамадзяніна і на якіх супольна з ім жывуць чальцы ягонай сям’і ў Менску і Менскім раёне.

У дакуменце таксама прапісаныя выпадкі для зняцця грамадзянаў з уліку асобаў, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Пры трохразовай пісьмовай адмове грамадзяніна цягам года ад жылога памяшкання сацыяльнага карыстання або ад накіравання на будаўніцтва ў складзе арганізацыяў-забудоўнікаў яго выкрасляць з чаргі.

Такім чынам, падкрэслілі ў прэс-службе прэзідэнта, прадугледжаныя ва ўказе нормы дадуць магчымасць выпрацаваць «празрысты прававы механізм задавальнення патрэбы грамадзянаў у паляпшэнні жыллёвых умоваў».

belsat.eu

Стужка навінаў