На Віцебшчыне для Севярынца не знайшлі месца


Асуджаны па справе аб масавых беспарадках 19 снежня сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец будзе адбываць пакаранне ў спецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

Пра гэта яму 9 жніўня паведамілі ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Першамайскага РАУС Віцебска. Напярэдадні там жа асуджанаму заявілі, што прызначаны судом тэрмін абмежавання волі ён будзе адбываць на тэрыторыі Віцебскай вобласці.

“Сказалі, што ў Віцебскай вобласці для мяне месца няма”, — расказаў Севярынец БелаПАН. Паводле яго слоў, спецкамендатура знаходзіцца на тэрыторыі былой ракетнай часці. Якая там будзе праца, асуджанаму пакуль не вядома — гэта высветліцца на месцы. У Куплін Севярынец павінен прыбыць сваім ходам 11 жніўня.

16 мая гэтага года Севярынец, кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, быў асуджаны судом Заводскага раёна Мінска ў рамках справы аб масавых беспарадках 19 снежня па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

belsat.eu

Стужка навінаў