Арыштаваным вялейскім актывістам не перадаюць ваду


Дзмітрый Капцюг і Уладзімір Малярчук адбываюць арышт у Вялейскім РУУС. Іх затрымалі 4 жніўня, калі яны пляскалі ў далоні на цэнтральнай плошчы гораду – гэтыя дзеянні прызналі ўдзелам у несанкцыянаваным мітынгу.

Як паведаміў старшыня Менскай абласной філіі Партыі БНФ Аляксей Сюдак, суд на чале з Таццянаю Борыс працягваўся чатыры гадзіны. “З боку абвінавачання былі чатыры працаўнікі міліцыі, якія сведчылі, што з імі правялі інструктаж. Ім паведамілі, што на пл. Леніна плануецца несанкцыянаваны мітынг. Пры гэтым паказалі фотаздымкі ды спісы тых людзей, якія там маюць быць. Згодна з інструкцыяй, калі азначаныя асобы будуць прыцягваць увагу, напрыклад, пляскаць у далоні ці крычаць, або нейкім іншым чынам, то іх трэба затрымаць і даставіць у аддзяленне міліцыі”.

Як вынік, затрымалі трох чалавек. Дзмітрыю Капцюгу далі 7 дзён арышту, Уладзіміру Малярчуку – 5 дзён, а Маргарыту Селязнову аштрафавалі на 10 базавых велічыняў.

У раённым упраўленні ўнутраных справаў адмаўляюцца прымаць перадачы для арыштаваных. Алесь Сюдак кажа, што дзяжурныя паведамілі яму пра загад кіраўніцтва – нічога, акрамя мыла і пасты не прымаць. “Не ўзялі нават ваду, нягледзячы на тое, што Малярчук хворы на цукровы дыябет. Адмовіліся прымаць і цыгарэты”.

У пракуратуры Вялейкі патлумачылі працэдуру перадачаў асуджаным: “Можна перадаваць зубную шчотку і пасту, цёплае адзенне, бялізну, цыгарэты. Таксама лекі, калі на іх ёсць рэцэпт. Ежу, ваду і сокі перадаваць нельга. За дзень можна прынесці адну перадачу, але без абмежавання паводле вагі”.

З нагоды гэтага факту Аляксей Сюдак напісаў скаргу ў пракуратуру, пачалося разбіральніцтва.

belsat.eu

Стужка навінаў