Эпізоды з нападамі аб'ядналі ў адну крымінальную справу


Гэта дае магчымасць абвінаваціць людзей, якія праходзілі па асобных эпізодах, ва ўдзеле ў арганізаванай групе.

Нагадаем, што ў гэтак званых справах нападаў фігуруюць 7 здарэнняў. Гэта нядаўнія інцыдэнты з “кактэйлямі Молатава” каля расейскай амбасады і турмы на вул. Акрэсціна, сёлетнія падпалы Дому прафсаюзаў і філіялу “Беларусбанку” ў Менску, напад на міліцэйскі пастарунак у Салігорску, мінулагодняя акцыя пратэсту каля Генштабу і напад на будынак КДБ у Бабруйску.

Праваабаронцы даведаліся, што усе гэтыя крымінальныя эпізоды аб’ядналі ў адну крымінальную справу. Ёй займаецца ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкаму. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Як патлумачыў праваабаронца Алег Волчак, калі па асобных эпізодах праходзяць тыя ж асобы і падобныя дзеянні (напрыклад, хуліганства), іх могуць аб’яднаць у адну справу. У такім выпадку падазраваным пагражаюць большыя тэрміны, бо ідзецца пра дзеянні групы асобаў па папярэдняй змове.

Стала вядома, што тэрмін утрымання пад вартаю Мікалая Дзядка, падазраванага ў арганізацыі акцыі каля будынку генштабу Міністэрства абароны летась у верасні, падоўжаны да 24 снежня. Яго затрымалі 3 верасня паводле падазрэння ў нападзе на амбасаду Расеі ў Менску, аднак 1 кастрычніка выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў (в)акцыі каля генштабу Міністэрства абароны супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў «Захад2009» ў мінулым годзе.

Паводле звестак Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Дзядка абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткаю 2 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства, здзейсненае групай асобаў).

Грамадскага актывіста Сяргея Слюсара, які з 17 кастрычніка перабываў у бабруйскай турме, адпусцілі без выстаўлення афіцыйнага абвінавачання. Аднак у любы момант яго могуць арыштаваць ізноў, калі гэтага запатрабуе следства. Не выставілі абвінавачання і яшчэ аднаму затрыманаму ў справах нападаў – архітэктару Антону Новікаву. Ён выйшаў на волю, правёўшы трое содняў на Акрэсціна.

Алег Волчак упэўнены, што мэта праваахоўных органаў – запалохаць моладзь напярэдадні акцыяў пратэсту, якія могуць адбыцца ў сувязі з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Паводле яго, калі апазіцыянераў зарэгіструюць у якасці кандыдатаў, пачнецца ціск на маладых людзей – сябраў іхных ініцыятыўных групаў.

belsat.eu

Стужка навінаў