Цягніком даражэй, чымся самалётам


У фірмовым цягніку №2/1 “Беларусь”, які курсуе паміж Менскам і Масквою, з’явіўся вагон класу “люкс”. Квіток у такі вагон каштуе даражэй, чымся білет на самалёт да Масквы.

Як падае агенцтва “Менск-Навіны”, вагон больш нагадвае “добры гатэль на колах”. У кожным купэ ёсць канапа-ложак, змяшчальная шафа для вопраткі ды багажу, стол-трансформер, фатэль, а таксама аўдыё-відэасістэма і кандыцыянер. Кожнаму, хто набудзе квіток у гэты цуда-вагон, таксама гарантуецца індывідуальная экалагічна чыстая прыбіральня, душ і падлога з падагрэвам.

Як прызнаўся “Белсату” начальнік аддзелу сервіснага абслугоўвання пасажыраў Андрэй Кашко, попыт на квіткі ў гэты вагон пакуль невялікі. “Вагон пачаў курсаваць паміж сталіцамі толькі 25 кастрычніка, але некалькі чалавек ужо набывалі квіткі ў люкс-вагон”, – дадаў Андрэй Кашко.

Адкуль узяўся гэты вагон і колькі ён каштаваў Беларускай чыгунцы, Кашко паведаміць адмовіўся, спаслаўшыся на “камерцыйную таямніцу”. Аднак вядома, што ўсе гэтыя выкшталцонасці ў дарогу на адну ноч пасажырам абыходзяцца ў 1 млн 506 тыс. рублёў. І гэта толькі ў адзін бок. У той час калі квіток на самалёт да расейскай сталіцы і назад каштуе крыху болей за 800 тыс. рублёў.

belsat.eu

фота www.rw.by

Стужка навінаў