Па артыкуле, якога яшчэ няма, ужо судзяць


У судзе Мазырскага раёну пачаўся разгляд адміністратыўнай справы Міхаіла Караткевіча. Мужчыну судзяць за надпіс, які ён зрабіў на ўласнай старонцы ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”.

Міхаіл Караткевіч на сваёй старонцы напісаў, што сустрэчы на плошчы Леніна ў Мазыры адбываюцца па серадах а 19 гадзіне. Начальнік аднаго з аддзелаў Мазырскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Сяргей Кадол палічыў гэта “парушэннем парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства альбо пікетавання”.

Як паведаміў “Белсату” праваабаронца Уладзімір Целяпун, сёння, 4 жніўня, суд заслухаў Міхаіла Караткевіча, падпалкоўніка Сяргея Кадола і аб’явіў перапынак да 10 жніўня. “Хутчэй за ўсё ім патрэбны адмысловец, гатовы растлумачыць, як праз інфармацыю, змешчаную на прыватнай старонцы ў інтэрнэце, можна здзяйсняць заклік і арганізацыю масавага мерапрыемства”, — мяркуе Уладзімір Целяпун.

Праваабаронца гаворыць, што тлумачэнні прадстаўніка РАУС суд не пераканалі, хоць суддзя і задаваў падпалкоўніку Кадолу пытанні, якія наводзяць на адказ. “Сам Кадол прызнаваў, што у акцыях, якія праходзілі па серадах, прыкметаў арганізаванага масавага мерапрыемства не было. Так, на плошчы стаялі асобныя невялікія купкі людзей, але публічнага выказвання палітычнай пазіцыі не было”, — зазначыў Уладзімір Целяпун.

Праваабаронца распавёў, што падчас судовага паседжання падпалкоўнік Кадол прызнаўся, што арганізатара збору людзей на плошчы міліцыянты выявіць не змаглі. І толькі пасля таго, як Сяргею Кадолу прынеслі раздрукоўкі старонкі Міхаіла Караткевіча, ён прыйшоў да высновы, што той і арганізуе мерапрыемствы.

Кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі ўказвае на тое, што мазырскі працэс парушае нават тое “драконаўскае заканадаўства” аб масавых акцыях, што зараз дзейнічае ў краіне. Змены, якія прадугледжваюць адміністратыўную адказнасць за заклікі ў інтэрнэце, у закон яшчэ не ўнесены. Ды і фармат “маўклівых рэвалюцый” не падыходзіць пад вызначэнне масавага мерапрыемства”, — зазначыў Алесь Бяляцкі.

belsat.eu

Стужка навінаў