Як пераносяць маразы людзі, жывёлы ды аўты


Слупкі тэрмометраў усё зніжаюцца, халодны паўночны вецер узмацняецца. Як сябе паводзіць у такой сітуацыі?

Складана маразы пераносяць і людзі, і транспарт, і камунікацыі. А слупкі тэрмометраў усё зніжаюцца, халодны паўночны вецер узмацняецца. Ратавальнікі раяць пры магчымасці не выходзіць з хаты, а, калі ўсё ж даводзіцца выйсці, добра апранацца. Пры абмаражэннях першае ж, што трэба зрабіць, гэта даставіць пацярпелага ў цёплае месца.

«Калі вы прыйшлі, і адчуваеце, што ў вас вельмі змерзлі рукі, не трэба іх адразу сунуць пад гарачую ваду. Рэзкі перапад тэмпературы не здорава для скуры», – кажа лекар-рэаніматолаг Андрэй Вітушка.

Нельга расціраць скуру снегам, бо крывяносныя судзіны ручыцаў і ступняў вельмі крохкія.

«На марозе не трэба піць алкаголь. Лічыцца, што алкаголь для сугрэву – алкаголь не для сугрэву. Алкаголь зніжае кантроль чалавека над сваім станам. І такім чынам людзі, якія трохі выпілі, слаба адчуваюць, калі яны зусім замярзаюць», – працягвае Андрэй Вітушка.

Праблемы праз маразы моцна адчулі на сабе кіроўцы. Галалёдзіца робіць язду небяспечнай, нават соль, якую звычайна сыплюць на дарогі, пры такіх тэмпературах не спрацоўвае.

Хоць і завесціся ды выехаць – ужо шмат для каго праблема.

«Заводзіцца, канешне, не з першага разу. Калі з пятага (смяецца), гэта складана. На самой справе так, надвор’е сыграла сваё», – кажа аўтааматар.

Іншы распавядае, як змагаецца з халодным надворʼем:

«Печку не ўключаю, спачатку рухавік, так хутчэй прагрэць выходзіць. Хаця вось за мной чалавек стаіць, ён не можа завесціся, напэўна дызельны».

Шмат хто з тых, каму ўдалося рушыць, да месца прызначэння так і не змог дабрацца. ДАІ ды ратавальныя службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, але чакаць дапамогі даводзіцца досыць доўга.

У такое надвор’е лекары раяць ужываць больш каларыйную ежу, прычым узмоцненае харчаванне патрэбнае не толькі чалавеку.

У такі мароз цяжка не толькі людзям, але і птушкам, якія засталіся зімаваць у Беларусі. Калі птушак цяпер не карміць, яны могуць загінуць. Хоць зімаваць у нас яны засталіся акурат праз тое, што цягам года людзі іх падкормлівалі.

Прагнозы надвор’я на найбліжэйшыя дні не суцяшаюць. Пік маразоў чакаецца на гэтую ноч да – 32 на поўначы краіны. З панядзелка стане крыху лягчэй, але ўсё адно тэмпература будзе значна ніжэйшая за норму.

Чытайце таксама:

• У 20-градусны мароз жыхары Дзяржынскага раёну засталіся без цяпла

• Душ, паесці, пераначаваць. Як ратуюць бяздомных у маразы

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Стужка навінаў