Генпракуратура абяцае, што зоймецца “людзьмі ў цывільным”


https://youtu.be/tWX8_6Kf0x

Сёння, 3 жніўня, журналістаў запрасілі ў Генеральную пракуратуру Беларусі ў сувязі са зваротам, у якім яны патрабавалі правесці службовую праверку па фактах іх незаконных затрыманняў і пашкоджанняў прафесійнай тэхнікі.

У чэрвені ды ліпені падчас акцыяў «маўклівага пратэсту» ад людзей у цывільным пацярпелі каля 30 журналістаў. Сустрэча журналістаў з начальнікам кіраўніцтва ў справе нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Паўлам Радзівонавым прайшла на ініцыятыву Генпракуратуры. Яна стала своеасаблівым адказам на калектыўны зварот да генпракурора Рыгора Васілевіча, які 13 ліпеня перадалі 30 журналістаў. У лісце рэпарцёры звярталі ўвагу пракурора на брутальныя дзеянні сілавікоў падчас масавых акцыяў, неправамоцныя затрыманні ды неабгрунтаваныя судовыя рашэнні ў дачыненні шэрагу журналістаў.

Павел Радзівонаў паведаміў журналістам, што пракуратура запатрабавала правесці з работнікамі МУС тлумачальную працу, забяспечыць выкананне патрабаванняў адміністратыўнага і працэсуальна-выканаўчага кодэксаў, арганізаваць для міліцыянтаў “курсы” вывучэння пэўных нормаў заканадаўства, а таксама ўзняла пытанне пра магчымасць прыцягнення вінаватых да дысцыплінарнай адказнасці.

Паводле яго, адпаведны ліст ад імя Генпракурора Рыгора Васілевіча перадалі міністру ўнутраных справаў Анатолю Куляшову. Павел Радзівонаў таксама нагадаў прысутным, што пацярпелыя журналісты могуць абскардзіць неправамоцныя дзеянні сілавікоў. І паабяцаў, што адзін з падпісантаў бліжэйшым часам атрымае афіцыйны адказ на зварот.

belsat.eu

Стужка навінаў