Асабісты камітэт


У Беларусі створаць Следчы камітэт, які будзе знаходзіцца ў падначаленні прэзідэнта. Такое рашэнне прынялі 2 жніўня на нарадзе ў пытанні ўдасканалення сістэмы органаў папярэдняга расследавання, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

На нараду запрасілі ўсе зацікаўленыя бакі: кіраўнікоў Дзяржсакратарыяту Савету бяспекі, Камітэту дзяржкантролю, МУС, КДБ, Генпракуратуры, старшыню Вярхоўнага суда, міністра юстыцыі ды іншых службовых асобаў, дзейнасць якіх наўпрост ці ўскосна звязаная з працаю следчага апарату.

Лукашэнка выказаў незадаволенасць якасцю працы сістэмы органаў папярэдняга расследавання. Асабліва кіраўнік дзяржавы спыніўся на абуральна вялікай колькасці апраўдальных выракаў: “Практыка паказвае, што амаль дзве траціны апраўдальных прысудаў выносіцца судамі з прычыны неналежнага выканання працаўнікамі органаў папярэдняга расследавання сваіх службовых абавязкаў. Толькі за першае паўгоддзе 2011 года спыненыя крымінальныя справы з-за адсутнасці падзеі ці складу злачынства або вынесеныя апраўдальныя прысуды ў дачыненні да паўтары сотні асобаў”, – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

“Чым гэта выкліканае – непрафесіяналізмам, халатнасцю ці карыслівымі матывамі? Па-мойму, ёсць і першае, і другое, і трэцяе. У кожным пэўным выпадку трэба глыбока разбірацца і выносіць прынцыповую ацэнку негатыўным з’явам, каб іх нікому непанадна было паўтараць”, – павучаў службоўцаў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што дапушчаныя аператыўнымі працаўнікамі памылкі, “а часам і наўпроставыя фальсіфікацыі”, не заўсёды выяўляюцца падчас папярэдняга расследавання. Ёсць факты, калі рашэнне пра выстаўленне грамадзянам абвінавачвання прымаюць следчыя пры яўна недастатковым аб’ёме доказаў.

“Хто адкажа за тое, што паводле абвінавачання ў падпале шапіку “Віцебскаблсаюздрук” улетку 2004 года былі асуджаныя і адбывалі пакаранне два невінаватыя чалавекі, і толькі пры расследаванні выбуху ў менскім метрапалітэне ўсталявалі, што гэта справа рук гэтых жа тэрарыстаў, Канавалава? Дарэчы, на сённяшні дзень пытання “хто адкажа” існаваць не павінна. Няцяжка знайсці вінаватых. Вы скалечылі лёсы людзей, таму ўнясіце прапановы, каб тыя, хто скалечыў, апынуліся сёння там. Застаючыся, такім чынам, беспакараным, Канавалаў учыніў выбухі ў Віцебску, а затым і ў Менску. Калі б яго спынілі тады, не было б іншых злачынстваў і нявінных ахвяраў. Вось адзін з яркіх прыкладаў расхлябанасці праваахоўнай сістэмы. І пра якую якасць следства можа ісці гаворка?” – абурыўся Лукашэнка.

Ён даручыў з 1 студзеня 2012 года забяспечыць Следчы камітэт усёю неабходнаю нарматыўна-прававою базаю. “І ў арганізацыйным плане, і ў кадравым усё мусіць быць выбудавана і прадумана”, – сказаў Лукашэнка.

Персанальная адказнасць за стварэнне камітэту ўсклалі на дзяржсакратара Савету бяспекі і старшыню Камітэту дзяржкантролю. А міністру фінансаў даручылі выбудаваць “выразную сістэму з найменшымі фінансавымі выдаткамі”.

Што да кіраўніка будучага камітэту, то гэта, паводле Лукашэнкі, мае быць чалавек, які “разумее жыццё ў краіне і знаёмы са следчым працэсам”.

belsat.eu

Стужка навінаў